Маладзёжны тэатр эстрады пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь праводзіць марафон дыялогавых пляцовак «Разам з мастацтвам».

Зоркі беларускай эстрады пабывалі ў Полацку. У глядзельнай зале Полацкага ГПК з моладдзю і работнікамі сферы культуры сустрэліся як пачынаючыя выканаўцы, так і знакамітыя артысты: Алена Грышанава, Валянціна і Аляксандра Груздзевы, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Сяргееў і Інга Кісялёва. Мерапрыемства прайшло ў фармаце адкрытага дыялогу. Артысты расказалі пра сябе, як яны выбралі творчы шлях, а таксама пра магчымасці, якія прапануе Беларусь для тых, хто захоча звязаць сваё жыццё з мастацтвам.

— Усё залежыць ад вас, кім вы станеце. Адважвайцеся, працуйце на карысць нашай роднай Беларусі. Калі хочаце атрымаць адукацыю ў сферы мастацтва, паступайце ў каледжы, там даюць моцную базу, — падкрэслілі сёстры Груздзевы.
Падтрымаў творчых калег Дзмітрый Сяргееў: «Тыя, хто захоўвае і развівае айчынную культуру і мастацтва, заўсёды могуць разлічваць на падтрымку дзяржавы».

Прысутныя задавалі шматлікія пытанні наконт прафесійнай сферы і пра асабістае жыццё. Пасля завяршэння дыялогу артысты беларускай эстрады далі невялікі канцэрт. Яшчэ доўга моладзь не хацела адпускаць гасцей, удзельнічалі ў фотасесіі, дзяліліся ўражаннямі.

— Станоўчыя эмоцыі перапаўняюць. Артысты прадэманстравалі высокі ўзровень прафесіяналізму. Паказалі навучэнцам нашага каледжа, што цярпенне і праца прыводзяць да перамогі. Неабходна заўсёды ісці да сваёй мары, тым больш што дзяржава робіць вельмі шмат у рамках маладзёжнай палітыкі. Лічу, што такія мерапрыемствы важныя яшчэ і тым, што маюць прафарыентацыйны характар. Было шмат сказана пра профільную адукацыю. Спадзяюся, што пасля такіх сустрэч усё больш юнакоў і дзяўчат будуць выбіраць музычнае аддзяленне нашага каледжа, — падзялілася Дар’я Смольская, педагог-арганізатар Полацкага каледжа ВДУ імя П.М.Машэрава.
— Вельмі рада, што патрапіла на гэтае мерапрыемства. Такі фармат — выдатная магчымасць пазнаёміцца з беларускімі артыстамі. Я даведалася шмат цікавага і атрымала матывацыю, — распавяла Паліна Серафімовіч, культарганізатар Цэнтра культуры «Полацк».
Усяго сталічныя артысты беларускай эстрады наведаюць 28 населеных пунктаў краіны. Асноўнымі задачамі марафона з’яўляюцца дэманстрацыя ўзроўню выканальніцкага майстэрства, абмен прафесійным вопытам і творчымі дасягненнямі, а таксама выхаванне любові да Радзімы і яе культуры.
Фота Надзеі КАЛУЖОНАК.