Жывёлавод сельгаспрадпрыемства «П-С Карпекі» Георгій Дуброўскі прысутнічаў на ўрачыстай цырымоніі ўшанавання лепшых аграрыяў краіны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам

Заботы сельские

Жывёлавод сельгаспрадпрыемства  «П-С Карпекі» Георгій Дуброўскі кожны дзень пачынае ў добрым настроі. Усё сваё жыццё, яшчэ з 90-х гадоў мінулага стагоддзя, ён працуе ў сельскай гаспадарцы і ніколі не пашкадаваў, што яго працоўнае месца на ферме, дзе вырошчваюцца цяляты. Назіраць, як з зусім маленькага цяляці вырастае дарослая жывёла, — гэта яго сапраўднае шчасце!

Георгій Аляксандравіч — адзін з лепшых працаўнікоў гаспадаркі. Нядаўна ў складзе дэлегацыі Віцебскай вобласці ён прысутнічаў на ўрачыстай цырымоніі ўшанавання лепшых аграрыяў краіны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам. Гэтая паездка ў сталіцу краіны ўзрушыла, парадавала, надала ўпэўненасці ў заўтрашнім дні вопытнаму жывёлаводу. «Словы Прэзідэнта былі праўдзівыя, ён гаварыў цёпла, узнёсла», — адзначыў
перадавік.
Яны з жонкай пераехалі ў Полацкі раён 9 год таму з Міёршчыны. Таццяна Антонаўна паспяхова спраўляецца з абавязкамі загадчыцы фермы. Яе працавітыя калегі-даяркі некалькі разоў праслаўлялі Полацкі раён на ўсю Віцебскую вобласць высокай вытворчасцю малака. «Усе поспехі нашай гаспадаркі цалкам залежаць ад кіраўніка Аляксандра Кавалёва, які жыве працай і імкнецца зрабіць жыццё сельскіх працаўнікоў якасным, годным», — адзначыў Георгій Дуброўскі.
У 7 гадзін раніцы ў любую пару года ён ужо на ферме. Прывык ставіцца да справы з адказнасцю. Сваіх любімых цялушак сустракае ласкава, уважліва сочыць, каб ім было цёпла, суха, каб корм быў якасны, бо ад гэтага залежаць прывагі, і як вынік — яго заработная плата. Дарэчы, цялушкі яго групы ў суткі падрастаюць у вазе на 830-850 грамаў!
Працоўнымі поспехамі Георгія Дуброў­скага ганарацца дарослыя сын і дачка, унукі, якія жывуць у Мінску і ў Полацку. Яго паездка ў сталіцу стала вялікай сямейнай падзеяй. На ўрачыстасці старанны працаўнік атрымаў у падарунак вялікі тэлевізар, які зойме годнае месца ў гасцінным доме Дуброўскіх.