Радасная навіна прыйшла ў народнае літаратурнае аб’яднанне «Наддзвінне». Напярэдадні навагодняга свята Віктару Раманавічу Карасёву, члену Саюза пісьменнікаў Беларусі, сябру «Наддзвіння», краязнаўцу, гісторыку, уручана літаратурная прэмія імя Петруся Броўкі.
Гэтая ўзнагарода, заснаваная Віцебскім аблвыканкамам, традыцыйна прысуджаецца па выніках года.
Віктару Карасёву прэмія прысуджана ў намінацыі «Проза» (разглядаліся ў тым ліку публіцыстыка і драматургія) за кнігу «Край, аблашчаны вятрамі». Урачыстая цырымонія адбылася ў абласной бібліятэцы. Прэміі лаўрэатам уручаў начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Пётр Падгурскі, які пажадаў пісьменнікам творчых поспехаў на радасць чытачам.
Вітала пераможцаў і старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка. Хочацца адзначыць і тое, што Віктар Карасёў у 2016 годзе ўганароўваўся раённай літаратурнай прэміяй імя нашага земляка, вядомага беларускага пісьменніка Алеся Савіцкага.
Віктар Раманавіч Карасёў прысвячае сваю творчасць малой радзіме — Ветрыншчыне і вядомым землякам. Мы ганарымся ім і шчыра віншуем з узнагародай. Жадаем Вам, дарагі Віктар Раманавіч, моцнага здароўя і далейшага плёну ў творчасці!
Валянціна Сопікава, кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання «Наддзвінне».