Тысяча тон залатога зерня. Шмат гэта? Калі вымяраць 5-тоннымі бункерамі камбайнаў, іх трэба намалаціць каля 200. А кузавы аўтамабіляў і прычэпы трактараў, якія ўмяшчаюць у сярэднім 10 тон, неабходна запоўніць зернем 100 разоў…
Вось такімі лічбамі вымяраецца поспех пераможцаў жніва — тысячнікаў. Сярод складальнікаў поспеху іх высокі прафесіяналізм, адказнасць, дысцыпліна і вялікае жаданне якасна і своечасова ўбраць хлеб.
На бягучым тыдні словы падзякі гучалі ў адрас камбайнераў і перавозчыкаў зерня, якім пакарыўся 1000-тонны і 2000-тонны рубяжы.
Другі раз на сёлетнім жніве — ужо з нагоды двухтысячнага намалоту — прымалі віншаванні камбайнеры з сельгаспрадпрыемства «Гараны-Агра» Сяргей Гарбаценка і Ігар Данілкін. На камбайне New Holland бацька з сынам узялі чарговую працоўную вышыню. З гэтай значнай для гаспадаркі і ўсяго Полацкага раёна падзеяй працавітых мужчын віншавалі старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч, старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Дабраслаўскі і дырэктар гаспадаркі Яўген Блохаў. У 2022 годзе на палетках сельгаспрадпрыемства «Гараны-Агра» вырашчаны багаты ўраджай зерневых. Гарачае надвор’е на працягу трох тыдняў спрыяла яго ўборцы.
Яшчэ адзін перадавік — вадзіцель Віктар Капыценка, «круціць баранку» 35 гадоў. На прадпрыемстве «Полацкі малочны камбінат» працуе 10 год, з задавальненнем удзельнічае ў гарачай уборачнай кампаніі. Сёлета на сваім аўтамабілі «МАЗ» дастаўляў зерне з поля на сушылку, на Полацкі камбінат хлебапрадуктаў. Працаваў, як і яго калегі, у розных раёнах Віцебшчыны — у гаспадарках, якія ўваходзяць у інтэграваную структуру. Шчыра радаваўся віншаванням, падарункам, увазе з боку прафкама і кіраўніцтва ААТ «Полацкі малочны камбінат».
Двухтысячнага намалоту дасягнуў на бягучым тыдні і ўдзельнік жніва Пётр Валынец з Полацкай інтэграванай структуры, камбайнер УП «Добрынскае». Мы напаткалі гэтага перадавіка, які ўвесь сезон працаваў без памочніка, за працай у Міёрскім раёне, у сельгаспрадпрыемстве «Цітова». На сваім жалезным кані New Holland працаўніку давялося ўбіраць зерневыя спачатку ў Расонскім раёне, потым на палетках КУП «Захарнічы» Полацкага раёна, ва Ушацкім раёне, у сельгаспрадпрыемстве «Полацк-Мілк» Полацкага раёна, завяршае ўборку ў Міёрскім раёне. Пётр усю ўборачную кампанію быў у добрым настроі. Ураджай-2022 яго парадаваў, на пшанічных палях Ушацкага раёна сустракаліся ўчасткі з ураджайнасцю 90 ц/га, на палетках Полацкага раёна аддача хлебнай нівы дасягала 60 ц/га, добры ўраджай прадэманстравала і жыта сорту «Афелія» ў Міёрскім раёне. Камбайнер выказваў задаволенасць, што на працягу шэрагу гадоў, у тым ліку некалькіх сезонаў на камбайне New Holland з 12-мятровай жаткай, уносіць уклад у харчовую бяспеку краіны. Пасля ўборачнай жыхар г.Полацка перасядзе за руль свайго малакавоза і вернецца да прывычных дзён. Павіншаваць перадавіка з двухтысячным намалотам, уручыць яму духмяны хлебны каравай і падарункі прыехалі галоўны аграном УП «Добрынскае» (былы сельгасаддзел ААТ «Полацкі малочны камбінат») Валерый Бумажэнка і старшыня прафкама ААТ «Полацкі малочны камбінат» Таццяна Акімава. Яны зычылі хлебаробу моцнага здароўя.
За высокія вынікі на ўборцы ўраджаю таксама ўшанавалі вадзіцеляў, якія адвозілі зерне ад камбайнаў. Словы падзякі гучалі ў адрас трактарыста УП «Добрынскае» Уладзіслава Байкова, які на трактары «МТЗ-1221» з 10-тонным прычэпам «ПСТ-12» перавёз 1000 тон зерня. Курсіраваў з поля на сушылку, імкнуўся працаваць хутка. «Жыву ў Полацку, штодзень на транспарце ААТ «Полацкі малочны камбінат» прыязджаю ў Міёрскі раён. Сваю працу вельмі люблю», — адзначыў пераможца.
Кожная сустрэча з перадавікамі дорыць пазітыўныя эмоцыі. Падкупляе сціпласць хлебаробаў, якія штодзень здзяйсняюць працоўныя подзвігі, а ганарыцца імі саромеюцца.
Пра сустрэчы з іншымі перадавікамі-тысячнікамі, якія адбыліся на бягучым тыдні, чытайце ў наступных нумарах нашай газеты.