Уборка хлебнага ўраджаю ў Полацкім раёне завяршаецца. Першымі выканалі заданне — убралі плошчу 483 га, намалацілі 1287 тон зерня — хлебаробы філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга». Набліжаюцца да фінішу і працаўнікі палёў УП «Полацк-Мілк», дзе план выкананы на 97% і намалочана 1268 тон залатога ўраджаю.
Па Полацкім раёне план уборкі зерневых і зернебабовых выкананы на 85,6%, намалочана 16 189 тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 26 ц/га. Для параўнання: у мінулым годзе ў гэты час жніўня ў засеках было 26 028 тон зерня і аддача хлебнай нівы — 31,5%. На недаборы ўраджаю (10 тысяч тон) адбілася 50-дзённая засуха і нядаўнія ліўні, якія нанеслі шкоду палям.
Нягледзячы на цяжкасці, праца ў полі працягваецца. У спрыяльныя па надвор’і дні камбайны і машыны на адвозцы ўраджаю працуюць зладжана, уборка зерня ідзе якасна, без страт.
Па намалоце сёлета ў лідарах УП «Гараны-Агра» з лічбай 2871 тона (план уборкі выкананы на 91%).
У мінулую суботу ўрачыста віншавалі першага ў Полацкім раёне вадзіцеля-тысячніка, занятага на адвозцы зерня. Ім стаў Васіль Рагоўскі з УП «Гараны-Агра». Гэты працаўнік ужо не першы год вынікова ўдзельнічае ў жніўнай кампаніі. Павіншаваць перадавіка прыехалі намеснік старшыні Полацкага райвыканкама-начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Мікалай Баратынскі, лідар Полацкай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Ірына Дзёмінава, дырэктар гаспадаркі Яўген Блохаў (на фота). Яны дзякавалі пераможцу жніва за важкі ўклад у дзяржаўную справу і жадалі яму новых працоўных поспехаў.
Фота з архіва Полацкай раённай арганізацыі
РГА «Белая Русь».