На бягучым тыдні ў аўторак два камбайны Полацкага ліцэя сельгасвытворчасці выехалі на ўборку збожжавых.
Іх вучэбнай гаспадарцы сёлета належыць убраць плошчу 379 гектараў, і гэта праца — па плячы і па душы вопытным майстрам вытворчага навучання ліцэя і іх памочнікам.
Ва ўрочышчы Нежліўка мы напаткалі галоўнага агранома ліцэя Святлану Захараву і яе памочнікаў — экіпажы камбайнераў і вадзіцеляў.
— Першай па спеласці падыйшла пшаніца, таму гэту культуру пачалі сёння ўбіраць, — расказала Святлана Валянцінаўна і запэўніла, што зладжанай працы ў полі можа нашкодзіць толькі дождж. Ураджайнасць культуры, на думку галоўнага агранома, — неблагая: больш за 30 цэнтнераў з гектара.
— Усе стараюцца добра працаваць, умовы створаны належныя, тэхніка адрамантанавана, абедалі ў полі і вячэраць будзем, у камбайнах заўсёды ёсць мінеральная вада, — расказала аграном і папрасіла сфатаграфаваць для газеты ўсіх працаўнікоў разам, каб ніхто не пакрыўдзіўся.
Дома — бацька, а тут — майстар
На адным з камбайнаў «Палессе» працуе сямейны экіпаж Амельчукоў — бацька Ігар Віктаравіч з сынам Андрэем. Майстар вытворчага навучання па спецыяльнасці «трактары і сельскагаспадарчыя машыны» Ігар Амяльчук працуе на гэтым камбайне дзявяты сезон. Ведае машыну дасканала, да кожнай гайкі. Летась з рамонтам камбайна яму дапамагаў сын Андрэй, а сёлета бацька ўзяў хлопца да сябе на камбайн памочнікам.
— Вельмі цікава ўсё, падабаецца, — дзяліўся ўражаннямі 18-гадовы навучэнец ліцэя, які сёлета скончыў другі курс.
Ігар Віктаравіч на працы ставіцца да Андрэя з усёй патрабаванасцю: хоча, каб з яго вырас прафесіянал. А вось дома, зразумела, ён для хлопца — уважлівы і лагодны тата.
Амельчукі жывуць у Ветрыне, у кватэры. Маці хлопца працуе поварам у дзіцячым садку, у сям’і падрастае яшчэ дзяўчынка. На пытанне: «Напэўна, маці-повар корміць вас толькі смачнымі стравамі?» — чую станоўчы адказ і ўдакладненне: калі трэба — бацька таксама любіць гатаваць ежу.
Тым, што сын пайшоў па слядах бацькі, галава сям’і задаволены. Хлопец сам выбраў сваю жыццёвую дарогу. Ігар Віктаравіч калісьці таксама скончыў гэтую навучальную ўстанову (тады ПТВ), потым вучыўся ў Гарадоцкім каледжы. Праца майстра вытворчага навучання яму па душы: ён рады дзяліцца ведамі з моладдзю, любіць паспяховых вучняў. А сын Ігар пасля заканчэння ліцэя атрымае адразу тры спецыяльнасці, на думку бацькі, — сапраўдныя, мужчынскія: зможа працаваць трактарыстам-машыністам, электразваршчыкам і вадзіцелем катэгорыі «С». Калі трэба — на камбайне будзе хлеб убіраць! Магчыма, Андрэй, як і бацька, пасля ліцэя прадоўжыць вучобу ў Гарадку. Але пра гэта гаварыць рана…
Сёлета хлопец зарабляе свае першыя грошы ў якасці памочніка камбайнера. Ён заўсёды ідзе на працу ў добрым настроі, таму што ўсведамляе, што яго праца ў полі — вельмі важная, і што прафесія хлебароб — гучыць горда! Пасля завяршэння ўборачнай хлопец плануе набыць новы веласіпед. Яго маглі б купіць і бацькі, але Андрэй хоча сам. Таму што ён — ужо дарослы!
Працоўныя канікулы
Збожжа пакуль вільготнае, з поля яго вязуць на сушылку ліцэя. Тут, ужо каторае лета запар, працуюць жадаючыя з карысцю правесці канікулы навучэнцы ліцэя, а таксама вучні са школ.
Адзін з іх — 14-гадовы Віктар Пугаўка. Хлопец скончыў 8 класаў Фарынаўскай дзіцячага-садка-сярэдняй школы. Папрацаваць на сушылцы збожжа ў ліцэі яму прапанаваў дзядзька Аляксей, які працуе ў ліцэі трактарыстам.
— Нічога няма складанага, бяры рыдлёўку і пераварочвай збожжа, — расказаў пра свае няхітрыя абавязкі хлопец.
На першым працоўным месцы яму выдалі пальчаткі і рэспіратар — каб было зручна і не дыхаць пылам.
Сваім удзелам ва ўборчнай кампаніі-2018 Віктар задаволены. Па-першае, канікулы праходзяць цікавей і з карысцю, па-другое, ён зарабляе. У думках Віктар набліжае той час, калі будзе здзяйсняць пакупкі за свае першыя грошы.