Зіма… Гэтая пара ў кожнага выклікае свае пачуцці і эмоцыі. Канешне, большасці з нас няўтульна і халодна, калі вакол ляжыць снег, а вось жывёлаводам Полацкага раёна — наадварот — у гэтыя дні горача. Таму што яны шмат працуюць па доглядзе за жывёламі. Усе рагулі і цялушкі маюць патрэбу ва ўвазе чалавека, які іх корміць, даглядае і лечыць…
Падрыхтаваліся
Зімоўка жывёлы ў філіяле «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» праходзіць на малочнатаварных фермах «Арцюхі» і «Домнікі», на ферме «Матусава» і на комлексе па вырошчванні буйной рагатай жывёлы. Сёння ў гаспадарцы налічваецца 6973 галавы буйной рагатай жывёлы. Да халадоў уцяплілі дзверы і вокны, забяспечылі кармамі.
— Корм у ямах, якія адкрываем, якасны, адпавядае нормам, — расказвае Аляксандр Калтуноў. — Працуюць пастаянна кормараздатчыкі. Змешваем салому, сянаж, сілас і камбікорм — атрымліваем спажыўную сумесь. Рацыён распрацаваны для ўсіх груп жывёлы. Працуе адзін кормараздатчык вытворчасці полацкага прадпрыемства «Праммашрамонт». Камбікорм вырабляецца на камбінаце хлебапрадуктаў. Мы здаем туды збожжа — атрымліваем грануляваны камбікорм, яго якасць нас задавальняе.
Корм у поліэтыленавых цюках з павялічанай вільготнасцю — своеасаблівы далікатэс, больш карысны і спажыўны. Ім кормяць цялят на фермах, на комлексе і сухастойных кароў.
Прымусіла жыццё
Асаблівасць жывёлагадоўчых памяшканняў на ферме «Матусава» ў тым, што сцены зроблены з цюкоў саломы.
— Будаўніцтва такіх хлявоў у нашым філіяле пачалося пяць гадоў таму. Жыццё прымусіла павялічваць колькасць жывёлагадоўчых памяшканняў. Паколькі весці вялікае будаўніцтва доўга і дорага, мы пайшлі па такому шляху. За гэты час мы пабудавалі 6 кароўнікаў. Першыя з іх адслужылі 3-4 гады. Мы ўпэўніліся, што мікраклімат у памяшканнях са сценамі з саломы больш спрыяльны для жывёлы і людзей. У зімовы час у памяшканнях, дзе сцены з бетону, — высокая вільготнасць, цячэ па сценах кандэнсат, а дзе салома, гэтага няма, — расказаў дырэктар філіяла Аляксандр Калтуноў.
Хутка на ферме «Матусава» будзе здадзена ў эксплуатацыю яшчэ адзін хлеў для цялушак на 200 галоў са сценамі з цюкоў саломы. Устаноўлены дзверы, вядзецца мантаж даху з шыферу, з мэтай будучай эканоміі энергарэсурсаў — частка шыферу празрыстая. У начны час асвятляць памяшканне будуць 4 электрычныя лямпачкі. Для будаўніцтва сцен бралі саламяныя цюкі прамавугольнай формы.
— Імкнемся да таго, каб на ферме «Матусава» ўтрымліваліся ўсе цялушкі з нашага філіяла — ад самых маленькіх вагой 70-80 кілаграмаў да пакрытых, якіх потым будзем пераводзіць на малочнатаварныя фермы «Арцюхі» і «Домнікі».
У добрым настроі
На ферме «Матусава» мы напаткалі за працай жанчын-жывёлаводаў Валянціну Юдзіну і Людмілу Волкаву.
З тым, што ў памяшканні з цялушкамі крыху халаднавата, не згадзіліся: маўляў, яны працуюць, ім у руках з віламі хутчэй горача. А жывёлам — цёпла, для іх галоўнае, што няма вільготнасці і скразнякоў.
У абавязкі жанчын уваходзіць накарміць цялушак, трымаць у памяшканнях парадак. У адным памяшканні ручная развозка корму, у другім — кормараздатчык. Жанчыны прывыклі да сваіх гадаванцаў, у іх нават ёсць свае любіміцы. Колькі іх? У гэтым памяшканні — амаль 200, у суседніх — амаль па столькі ж.
На працу жывёлаводаў прывозіць аўтобус. За восем гадзін працоўнага дня яны паспяваюць зрабіць усё неабходнае. Дома іх чакаюць па двое дзяцей і хатняя гаспадарка. «Спраўляемся і на працы, і дома, такая яна, жаночая доля вясковай жанчыны», — з усмешкай расказвалі працаўніцы.
На ферме «Домнікі»
Ферма «Домнікі» знаходзіцца на вялікай адлегласці ад цэнтра гаспадаркі, але тут кіпіць жыццё. Пад кіраўніцтвам загадчыцы Святланы Хромавай шчыруе калектыў прафесіяналаў. Сёлетняй зімой жывёлаводы з гэтай фермы не знізілі вытворчасць малака, хоць сам філіял па агульных паказчыках крыху мінусуе да леташніх лічбаў. З фермы «Домнікі» малако прадаецца толькі сорту «экстра».
— Лепшая з нашых працаўніц — аператар машыннага даення Анастасія Жак. Адна абслугоўвае ў даільнай зале 120 каровак. Узорна працуе, астатнім ёсць з каго браць прыклад, — нахвальвала працаўніцу Святлана Хромава.
У «Гаранах-Агра» шмат людзей, якія штодзень прыходзяць на працу з добрым настроем, выконваюць абавязкі якасна, разумеюць важнасць сялянскай працы. Яны — прафесіяналы, гаспадары на роднай зямлі. І гэта акалічнасць дае падставу думаць, што харчовая бяспека Полацкага раёна — у надзейных руках.