Прыемныя ўражанні, яркія моманты, станоўчыя эмоцыі яшчэ доўга будуць саграваць душу ўдзельнікаў свята «Фарынаўская марка».
Нягледзячы на спякоту ў суботні жнівеньскі дзень, у гэты населены пункт, які з году ў год займае першыя месцы ў раённым спаборніцтве па добраўпарадкаванні тэрыторыі, з’ехаліся шматлікія госці з Полацка, пасёлка Ветрына і бліжэйшых вёсак. Апоўдні на пляцоўцы ля мясцовага Дома культуры і ў самім будынку Цэнтра культуры і вольнага часу рэалізоўваўся маладзёжны раённы праект «Гаспадар», у якім бралі ўдзел актыўныя прадстаўнікі маладога пакалення з усіх сельсаветаў Полацкага раёна. А пасля яго заканчэння на святочнай сцэне ўжо гаспадарылі жыхары вёскі Фарынава — галоўныя віноўнікі ўрачыстасці «Фарынаўская марка».
Шчырае дзякуй
З кожным годам прыгажэе вёска Фарынава. З’яўляюцца новыя агароджы, малыя архітэктурныя формы. Многае па добраўпарадкаванні населенага пункта зроблена намаганнямі працаўнікоў Фарынаўскага ўчастка УП «Ветрынская ЖКГ», але і многія мясцовыя жыхары трымаюць у парадку свае падворкі, двары, дадаючы роднай вёсцы сучасны, прывабны выгляд. Самых дбайных гаспадароў — пераможцаў конкурсу ў розных намінацыях па добраўпарадкаванні — таксама заахвоцілі на свяце.
Каштоўныя падарункі ўручаў старшыня Фарынаўскага сельвыканкама Міхаіл Шульга, які не шкадаваў слоў падзякі за стараннасць і крэатыўны падыход у навядзенні парадку. За лепшую прыдамавую тэрыторыю ўзнагародзілі Тамару Фіялка: створаную ёю прыгажосць можна з гонарам паказваць самым высокім гасцям! У намінацыі «Самы лепшы балкон» перамаглі Зінаіда Эрдман і Раіса Хадыкіна. За лепшую прыдамавую тэрыторыю ля пад’езда каштоўным падарункам заахвоцілі Валянціну Пяганаву. Ва ўзорным стане трымаюць свае пад’езды Галіна Карпоўская і Жанна Серафімава. У намінацыі «Лепшая прыдамавая тэрыторыя» адзначылі Святлану Мароз і Алега Крываноса. Вяскоўцы шчыра апладзіравалі добрым гаспадарам, дзякуючы якім вёска выглядае ўтульнай і чыстай.
Вось і марка!
Па задумцы складальнікаў сцэнарыя свята сапраўдную Фарынаўскую марку з пазлаў павінны былі скласці прадстаўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў, якія працуюць на тэрыторыі вёскі. Усе яны выходзілі на святочную сцэну з візітоўкамі пра сваю дзейнасць, вельмі цікава распавядалі і прыгожа спявалі, а потым уносілі свой уклад у стварэнне маркі: прымацоўвалі пазлы да агульнай карцінкі. Жыхары вёскі дзівіліся творчым талентам, музычнымі, артыстычнымі здольнасцямі працаўнікоў мясцовых школы і дзіцячага садка, ААТ «Банонь-Агра», Фарынаўскага лясніцтва, прадстаўнікоў ветэранскай арганізацыі Фарынаўскага сельсавета, работнікаў Фарынаўскага ўчастка УП «Ветрынская ЖКГ», двух заводаў — металаканструкцый і энергетычнага машынабудавання….
Пілося і елася
Як вядома, добрае свята не бывае без пачастункаў. Шыкоўны стол з прысмакамі прыгатавалі для вяскоўцаў працаўніцы ААТ «Банонь-Агра». Намеснік дырэктара гэтага сельгаспрадпрыемства па ідэалагічнай рабоце Вольга Чэрап распавяла, што на іх падворку блінамі з творагам, катлетамі і дамашняй каўбасой могуць частавацца ўсе жадаючыя. Сяльчане былі ўдзячныя за такую гасціннасць. Працаўнікі сельгаспрадпрыемства прывезлі на свята маленькіх бычкоў з разлікам, каб на іх падзівіліся дзеці. Хлопчыкі і дзяўчынкі былі задаволены: нібы ў заапарку пабылі!
Святочны гандаль для сяльчан арганізавалі некалькі прадпрыемстваў: прыватнае прадпрыемства «БелКа-Цэнтр» прапаноўвала «Клёцачкі з душой», Полацкае райпо — марожанае і шашлык, а Полацкі кансервавы завод частаваў сяльчан хлебным квасам.
Па сувеніры…
Усе жадаючыя маглі набыць сувеніры і цікавыя прадметы для ўпрыгожання інтэр’ера дома, якія прывезлі на свята майстры Полацкага раённага цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур, а таксама рамеснікі.
Фарынаўцы з задавальненнем прагульваліся па алеі майстроў, спыняліся ля падворкаў прадпрыемстваў вёскі Фарынава. Напрыклад, цікава было назіраць, як на пляцоўцы Фарынаўскага лясніцтва працаваў рэзчык па дрэве. Са звычайнага ствала дрэва ён вырабіў мядзведзя для ўпрыгожання тэрыторыі лясніцтва. Былі на гэтым падворку чучалы лісы, зайца, інструмент, які выкарыстоўваюць працаўнікі прадпрыемства. На пытанні вяскоўцаў з задавальненнем адказваў ляснік Васіль Ветраў.
Цікава вабілі час дзеці. Для іх працаўнікі Полацкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы прыдумалі такую цікавую праграму, ад якой яны былі ў захапленні. Пераможцам конкурсаў уручалі марожанае. Гэтыя салодкія, халодненькія прызы былі вельмі дарэчы ў спякотны дзень!
Хто самы… хуткі?
Два цікавых конкурсы — на хуткасць паядання клёцак і салодкіх сыркоў — сталі сюрпрызам для ўдзельнікаў свята.
Першы конкурс «Абжорка» праводзіўся сярод сяльчан дзякуючы спонсару — прыватнаму прадпрыемству «БелКа-Цэнтр» — вядомаму на Полаччыне вырабляльніку натуральных паўфабрыкатаў з бульбы. Удзельнікам прапаноўвалася за тры хвіліны з’есці поўную талерку клёцак з мясам і смятанай. Хутчэй за іншых справіўся з заданнем Павел Буцель. Намеснік кіраўніка прадпрыемства «БелКа-Цэнтр» Уладзімір Генеральчык распавёў, што іх павільён прыехаў на свята з мэтай пазнаёміць сяльчан з прадукцыяй прадпрыемства. У асартыменце — клёцкі і дранікі з рознымі начынкамі.
Кіраўнік аддзела гандлю прадпрыемства-спонсара Людміла Шайтанава і тэхнолаг Наталля Баранава з задавальненнем уручалі прызы пераможцам конкурсу з пажаданнямі прыемнага апетыту і запрашэннем набываць якасныя і смачныя прадукты маркі «БелКа-Цэнтр».
Прыняць удзел у другім конкурсе, спонсарам якога выступіў ААТ «Полацкі малочны камбінат», пажадалі, у асноўным, дзеці. Многія з іх любяць полацкія тварожныя сыркі з выявай панды на абгортках. У паяданні на хуткасць гэтага салодкага прадукту перамог Ігар Кунцэвіч, якога заахвоцілі прызам.
Брэйн-рынг і кіно
На святочную сцэну да позняга вечара выходзілі артысты. Гледачы не шкадавалі далоняў для апладысментаў. У музычным брэйн-рынгу бралі ўдзел народны ансамбль беларускай песні «Нявіда» Фарынаўскага цэнтра культуры і вольнага часу і народны ансамбль «Заманіха» Полацкага раённага цэнтра культуры. Потым гледачы ўсе разам вызначалі пераможцу конкурсу «Голас Фарынава». Затым разам глядзелі кіно пад адкрытым небам. І дружна танцавалі амаль да раніцы.
…Старшыня Фарынаўскага сельвыканкама Міхаіл Шульга праз нашу газету выказвае шчырае дзякуй усім, хто дапамог у арганізацыі і правядзенні «Фарынаўскай маркі». Сяльчане, для якіх стваралася свята, засталіся вельмі задаволенымі.
Сядай, паехалі!
Яркім упрыгожаннем свята стаў праект «Велакарнавал: лета ў разгары — круці педалі!», які рэалізоўваўся ўпершыню і адразу знайшоў нямала прыхільнікаў. Колькасць жадаючых прыняць удзел у карнавале сведчыць пра тое, што веласіпедныя прагулкі і ўвогуле транспарт на двух колах — папулярныя ў Фарынаве. Многія жыхары вёскі — ад самых маленькіх ва ўзросце 5 год да ветэранаў працы — пажадалі праехаць у святочны дзень па роднай вёсцы з ветрыкам на ровары, прыцягнуць увагу аднавяскоўцаў. Шматлікія гледачы дзівіліся, колькі фантазіі ўклалі аднасяльчане ва ўпрыгожанне двухкалёснага транспарту і выраб карнавальных касцюмаў! Разам з аматарамі веласіпедных прагулак у калоне ехалі веласіпедысты-прафесіяналы з Полацкай ДЮСШ на чале з трэнерам-выкладчыкам па веласіпедным спорце Леанідам Сіняўскім.
На святочнай сцэне ўдзельнікаў карнавала вітаў старшыня Фарынаўскага сельвыканкама Міхаіл Шульга, які выказаў усім словы падзякі за цікавае відовішча і ўдзел у новым праекце. Міхаіл Ігнатавіч адзначыў, што ў Фарынаве нарадзілася добрая традыцыя: цяпер велакарнавалы будуць мець на святах пастаянную прапіску і стануць іх своеасаблівай разынкай.
Ад імя журы ўдзельнікаў велакарнавала і шматлікіх гледачоў, якія занялі імправізаваную глядацкую залу, вітала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Полацкага райвыканкама Алена Астапава. Яна ўручыла каштоўныя падарункі і дыпломы за самыя крэатыўныя касцюмы ўдзельнікам праекта, які стаў сапраўднай падзеяй.
Сертыфікат «Самы юны веласіпедыст» уручылі 5-гадовай дзяўчынцы Кацярыне, якая ад хвалявання не ўспомніла сваё прозвішча. Дыплома пераможцы ў намінацыі «Лепшы дзіцячы веласіпед» удастоілі Георгія Гвоздзева. У намінацыі «Нацыянальны каларыт» перамагла Дзіна Лабандзіеўская. За лепшы эка-веласіпед заахвоцілі Аляксея Грыбаедава. Самае арыгінальнае ўпрыгожанне транспартнага сродку атрымалася ў Аляксандры Грыбаедавай. За веласіпед-казку атрымаў дыплом экіпаж сям’і Каланда з вёскі Рудня. Адзначылі падарункам самых вопытных удзельнікаў велакарнавала — каманду ветэранаў. Асаблівую падзяку выказалі камандзе веласіпедыстаў з Полацкай ДЮСШ. Дыплом ІІІ ступені за лепшы карнавальны касцюм пад апладысменты ўручылі Алёне Ключнікавай, дыплом ІІ ступені за касцюм пірата атрымаў Вадзім Дароўка, дыплом І ступені ўручылі аднаму з юных удзельнікаў праекта Матвею Ткачэнку.
…Упрыгожаныя веласіпеды ездзілі па вёсцы Фарынава да позняга вечара. І ў кожнага, хто іх бачыў, на твары з’яўлялася ўсмешка: арганізатары праекта прыдумалі арыгінальны спосаб узняць настрой вяскоўцам!