За настроем — у горад талентаў Полацка

Главное

Мы ўсе чакалі свята Дня горада. Ведалі, што абавязкова будуць усплёск станоўчых эмоцый, новыя пачуцці і радасныя ўражанні. А добрыя ўспаміны пра святочныя летнія дзянькі застануцца да наступнага года.

IMG_8277

І вось надышла святочная субота 6 чэрвеня. З самага ранку мы накіраваліся ў Горад майстроў. Традыцыйна рамесныя рады размясціліся на галоўным гарадскім праспекце, які носіць імя славутага земляка Францыска Скарыны.

Чаго толькі мы не ўбачылі! Дзівіліся на творчыя працы, выкананыя ў розных тэхніках. Адзначалі, што майстэрства рамеснікаў з кожным годам расце, з’яўляюцца цікавыя, незвычайныя работы, ад якіх вачэй не адвесці. Як заўсёды, майстры прапаноўвалі наведвальнікам свята паспытаць шчасце ў бяспройгрышнай латэрэі, упершыню госці з Глыбокага прапаноўвалі набыць толькі што зробленую манету. Прынцып чаканкі памятных сувеніраў, якія вырабляліся на вачах заказчыкаў, выклікаў асаблівую цікавасць.

Мы спыніліся ля стала майстра Таццяны Мятлюк, члена клуба «Майстар» Полацкага раённага цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур. Вельмі нам спадабаліся вязаныя рэчы, якія маглі зрабіць прыбраным і прыгожым любое дзіця. Рознакаляровыя шапачкі, сукенкі, шкарпэткі і іншае дзіцячае адзенне выклікалі здзіўленне і замілаванне. Майстар распавяла, што мае вялікі вопыт вязання: гэтым майстэрствам займаецца амаль 50 год! Працуе настаўніцай пачатковых класаў, а вязанне для яе — і хобі, і ра­дасць, і ў нейкай меры лякарства для ўзняцця настрою, папраўкі здароўя. Нядаўна Таццяна Іванаўна стала бабуляй, ёй захацелася звязаць прыгожыя сукенкі для ўнучкі Палінкі. «Атрымліваю задавальненне, калі наша маленькая дзяўчынка выглядае прывабна ў прыгожых вязаных строях!» — расказала Таццяна Іванаўна. І выказала жаданне, каб усе дзеці былі прыгожымі ў вязаных сукеначках, вырабленых яе рукамі!

IMG_0600 фото А.Марцинкевича

Госця з Мінска Галіна Меліцкене прывезла ў Полацк карціны, зробленыя з рознакаляровай скуры. На адной карціне хлопец дорыць каханай дзяўчыне прыгожы букет, з другой на гледача глядзіць вялікімі вачыма прыгажуня-кошка, на трэцяй — наш полацкі Сафійскі сабор ва ўсёй сваёй прыгажосці! Майстар расказала, што доўгі час жыла ў Літве і менавіта ў суседняй краіне ўлюбілася ў гэтую творчасць. Пераехала ў Мінск, і ўжо з 1994 года займаецца жывапісам скурай. Матэрыял для творчых прац падбірае па адценні, потым выразае, замацоўвае, і атрымліваюцца аб’ёмныя карціны. Скура выкары­стоўваецца толькі фабрычная, новая, таму яна нібы лакавая. Майстар у кожную кампазіцыю дадае лёгкасць, якая быццам напаўняе яе паветрам.

Сяргей Захараў з Наваполацка здзівіў маленькімі матацыкламі, зробленымі з… наручных гадзіннікаў. Майстар расказаў, што спачатку з дэталяў га­­дзіннікаў ён рабіў плоскія карцінкі, каллажы. Потым падабраў тэрмаклей і па­спрабаваў рабіць аб’ёмныя работы. Вырабляў робатаў, кветкі, але, як паказала жыццё, пры­хільнікам яго таленту больш спадабаліся матацыклы. «Разбіраю га­дзіннік — атрымліваецца два колы, рухавік — вось ён і матацыкл!» — з захапленнем расказваў майстар. І пажартаваў: «Калі стары гадзіннік перастаў хадзіць — няхай ездзіць!».

IMG_0578 фото А.Марцинкевича

Яшчэ адзін наш новы знаёмы — Сяргей Васільевіч з Віцебска — расказаў, што ён — патомны ганчар. Раней вырабам ганчарнага посуду займаліся ў яго сям’і прод­кі, і ён пераняў ад іх гэтае май­стэрства. Калісьці сям’я майстра жыла ў Бабруйску, там была наладжана вытворчасць ганчарных вырабаў. Калі пераехаў у Віцебск — набыў дачу і там зрабіў уласную майстэрню. Займаецца ганчарствам і керамікай вельмі даўно. «Каб атрымаўся добры выраб — у справу трэба ўкласці душу!» — упэўнены Сяргей Васільевіч. Мы падзівіліся на вырабленыя ім гарлачыкі, карціны з глінянымі самаварчыкамі, сподачкі, піўныя кружкі… Кожны з прадметаў — па-свойму цікавы і што самае галоўнае — адзіны ў свеце — эксклюзіў. Майстар расказаў, што вельмі любіць прыязджаць у Полацк. Тут у яго заўсёды многа пакупнікоў. Ёсць і пастаянныя прыхільнікі яго таленту, якім пры пакупцы яго чарговай творчай працы для ўздыму настрою ён заўсёды робіць зніжку!

IMG_0546 фото А.Марцинкевича

Народу на праспекце Францыска Скарыны станавілася ўсё больш. Людская рака разлілася да плошчы Свабоды. Драўляныя вырабы і прыгожыя сурвэткі, сумкі, вязаныя рэчы, мяккія цацкі, мэбля з саломы, карціны, упрыгожанні… Сёлетні Горад майстроў здзівіў, захапіў і вельмі парадаваў. Усе майстры перадавалі словы ўдзячнасці кіраўніцтву Полацкага раённага цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур за добрую арганізацыю іх працоўных месцаў, увагу і дапамогу: «Сустрэлі нас, як самых лепшых сяброў. Вялікі дзякуй!».

У  саламяным  царстве

Упершыню на свяце з нагоды Дня горада-2015 у Горадзе майстроў адбылося Свята саламянага мастацтва, якое прыцягнула ўвагу шматлікіх гледачоў.

Намеснік дырэктара Полацкага раённага цэнт­ра рамёстваў і нацыянальных культур Наталля Чымірыкіна распавяла, што галоўнай ідэяй свята саламянага маста­цтва стала стварэнне абярэгу з саломкі — павука. Даўней такія вырабы нашы продкі вывешвалі перад вялікімі святамі — Раством або Вялікаднем — у кожнай хаце, каб гэты сімвал абараняў сям’ю ад няшчасных выпадкаў і злога духу, прыносіў шчасце ў сям’ю. Лічылася, што павук падсілкоўваецца станоўчай энергіяй, а ўсё дрэннае — адганяе прэч. На свяце ў Полацку арганізатары вырашылі аб’яднаць майстэрства і талент розных майстроў, злучыць традыцыі з суча­снасцю і атрымаць саламяную аб’ёмную канструкцыю.

Да стварэння вялікага павука-абярэга прыступілі 9 майстроў з Магілёва, Чашнікаў, Шуміліна, Наваполацка, Полацка, Дуброўна, Лепеля. З палачан свой уклад унесла майстар-метадыст Полацкага раённага цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур Людміла Шайтар.

Спачатку майстры стварылі 6 аднолькавых модуляў з ромбікаў, якія яны сабралі дома з 12 саламяных трубачак. У выніку ўсе гэтыя модулі аб’ядналі ў адну вялікую канструкцыю. Атрымаўся вялікі павук, які ззяў на сонцы залатым колерам. Планавалася, што пасля свята ён зойме пачэснае месца ў фае Полацкага цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур — як напамін пра Дзень горада- 2015, як сімвал дружбы майстроў, якіх аб’яднала любоў да матэрыялу колеру сонца.

Дырэктар Полацкага раённага цэнт­ра рамё­стваў і нацыянальных культур Вольга Шаркевіч падчас свята ўручыла дыпломы лепшым майстрам саламянай творчасці: за дамашнюю калекцыю вырабаў з саломкі заахвоцілі майстра з Лепельскага цэнтра рамёстваў Тэрэсу Хадзякову, за самага прыгожага саламянага павука дыплом атрымаў Васіль Сіманковіч з Гарадоцкага дома рамёстваў і фальклору. Дыпломы-падзякі арганізатары свята ўручылі ўсім майстрам, якія бралі ўдзел у стварэнні вялікага абярэга — павука, які ўпрыгожыў святочную пляцоўку.

Шматлікія наведвальнікі дзівіліся на вырабы з саломкі, якія прывезлі на свята з розных куточкаў Віцебскай вобласці працалюбівыя майстры. На сонцы залатым бляскам пераліваліся саламяныя лялькі, карціны, павукі, розныя ўпрыгожанні. У кожную творчую працу майстры ўклалі старанне, цярпенне, талент і вялікае жаданне падзяліцца радасцю прыгажосці з іншымі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *