З вялікай любоўю і цеплынёй, быццам да дзяцей, ставіцца да цялят Дзмітрый Бакурын, жывёлавод (цялятнік) СУП «Палімір — агра»

Заботы сельские Люди

З вялікай любоўю і цеплынёй, быццам да дзяцей, ставіцца да цялят Дзмітрый Бакурын, жывёлавод (цялятнік) сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Палімір — агра».

Мы сустрэліся з Дзмітрыем Сяргеевічам на ферме «Гомель», куды штодзень ён ужо чацвёрты год запар прыязджае на працу з аграгарадка Вяркуды Ушацкага раёна. Мужчына ўсё жыццё прысвяціў сельскай гаспадарцы. Дзмітрый пачаў працоўны шлях на свінакомплексе, потым у суседняй вёсцы даглядаў цялят, нейкі час быў доярам, пастухом. Калі калгас стаў банкротам, зарабляў на хлеб працай у фермера. Прапанову ўладкавацца ў гаспадарку «Палімір-агра» прыняў з задавальненнем. Тут працоўны стаж ідзе і стабільнасць ёсць.

— Маіх гадаванцаў зараз 115. Яны даверлівыя, нібы малыя рабяты. Бычкі крапчэйшыя, хутчэй набіраюць вагу,  — з пяшчотай адзначаў мужчына.

Праца цялятніка патрабуе павышанай увагі да падапечных. Ён чысціць і высцілае свежай саломай індывідуальныя домікі для іх ўтрымання, поіць малаком, корміць камбікормам, лечыць, даглядае. У цялятніку маладняк знаходзіцца 2-3 месяцы, потым цялушак дарошчваюць тут, у гаспадарцы, а бычкоў рэалізуюць на комплексы Віцебскай вобласці.

На пытанне, як да яго працы ставяцца жонка Наталля і сын Павел — будучы медыцынскі работнік, герой публікацыі адказаў з гонарам: «Яны разумеюць, што мая праца цяжкая. Круглы год падымаюся ў тры гадзіны раніцы, цэлы дзень праводжу на нагах, абслугоўваю цялят, вяртаюся дадому вечарам».

— А задавальненне Вы атрымліваеце ад працы ці жыцця? — пытаюся ў Дзмітрыя Бакурына.

— Цяляты зараджаюць станоўчай энергетыкай. За дзень стамляюся, канечне, але ведаю, што праца лёгкай не бывае. І мяне заўсёды чакаюць дома. У гэтым жа шчасце!

Скончыў школу ў вёсцы Арэхаўна Ушацкага раёна, пасля службы ў арміі ўладкаваўся на працу ў мясцовы калгас. Яго маці завіхалася на ферме, бацька  быў электрыкам.