З пачатку месяца ў Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я пачала працу выстава “Жывёльны свет у традыцыйнай культуры беларусаў”!
Культ жывёл вядомы ў многіх народаў свету, у тым ліку беларусаў. Яго адгалоскі захаваліся да нашых дзён у фальклорных паданнях, казках, песнях, а таксама ў прадметах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
У сістэме традыцыйнай народнай культуры важнае месца займаюць міфалагізаваныя вобразы жывёл і птушак. Усе яны ў старажытнасці мелі сімвалічную ролю, акрамя таго, з’яўляліся татэмамі.
У казках жывёлы часта выступаюць у якасці цудоўных памочнікаў герояў, або як самастойныя персанажы (напрыклад, “З рога ўсяго многа”, “Каток-залаты лабок”). Выкарыстанне жывёл падчас каляндарных святаў і абрадаў было скіравана на тое, каб надаць іх сілу і здольнасці людзям. Жывёлы могуць выступаць у ролі ахвяры пры будаўніцтве, забяспечваць дабрабыт гаспадароў. Адзін са старажытных звычаяў, які захоўваецца і па сённяшні дзень – запускаць першай котку ў новую хату.
Жывёлы ў народным мастацтве беларусаў прысутнічаюць з першабытных часоў. На думку нашых продкаў, сілуэты жывёл у дэкоры вырабаў ці формы вырабу ў выглядзе свяшчэннай жывёлы павінны былі забяспечыць здароў’е, дабрабыт, засцерагчы ад нячыстай сілы.
У народным мастацтве беларусаў найбольшай папулярнасцю карысталіся вобразы каня, казы, барана. Іх сілуэты можна бачыць у дэкоры народнага жытла (вільчакі, ліштвы, каваныя клямкі), на драўляных каўшах-карцах, дошках штампах, у выглядзе драўляных цацак-свістулек.
Што датычыцца аздаблення народнага тэкстылю выявамі жывёл і птушак, то гэта традыцыя пачынае распаўсюджвацца з сярэдзіны ХІХ ст., калі на змену традыцыйным геаметрычным арнаментам прыходзяць узоры з друкаваных выданняў. Нягледзячы на тое, што такія ўзоры хутчэй прадыктаваны тагачаснай модай і не маюць дачынення да беларускай традыцыйнай арнаментыкі, усё ж такі дзякуючы старажытнаму культу жывёл арганічна ўпляліся ў сістэму дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Асобна трэба адзначыць выявы жывёл і птушак на маляваных дыванах, якія з’яўляюцца культурнай адметнасцю Беларусі з адмысловымі прыёмамі выканання ў звычайнай наіўна-рэалістычнай манеры.
Запрашаем паглядзець выстаўку “Жывёльны свет у традыцыйнай культуры беларусаў”!
Выстаўка будзе працаваць да 1 сакавіка.
На ёй пройдзе шмат цікавых заняткаў, майстар-класаў, лекцый.
Сачыце за нашымі навінамі!