З канца кастрычніка да 10 лістапада ў сельгасарганізацыях Полацкага раёна праходзіў паступовы перавод дойных статкаў з кругласутачнай пасьбы ў жывёлагадоўчыя памяшканні.
Якой будзе зімоўка для раённага статка з 31 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы (з іх 10 тысяч — каровы) расказала намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Полацкага райвыканкама Наталля Тышкевіч:
— Усе гаспадаркі падрыхтавалі фермы да зімы. Рагулі ўвайшлі ў светлыя памяшканні, зараз праходзіць перыяд іх адаптацыі. Большасць кароў у Полацкім раёне ўтрымліваецца на фермах з прывязным утрыманнем і даеннем у малакаправоды.
— Жывёлам трэба прывыкнуць да новага корму?
— Пасля травы яны перайшлі на кормасумесь, з-за гэтага ў арганізме жывёлы адбываюцца пэўныя фізіялагічныя працэсы. Зімовы корм рыхтуецца ў кормараздатчыку: змешваюцца сянаж і сілас, дадаецца сена ці салома, каб вытрымаць вільготнасць корму не болей за 60%. У некалькіх гаспадарках, дзе нарыхтавана дастаткова зернефуражу, у кормасумесь дадаецца камбікорм. Сёлета ў раёне нарыхтаваны 21 цэнтнер кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Будзем спадзявацца на гаспадарчы падыход жывёлаводаў пры размеркаванні кармоў.
— Як выконваецца галоўная задача гаспадарак — не зменшыць вытворчасць малака?
— Малако — галоўны прадукт: гэта і заработная плата працаўнікоў, і дабрабыт гаспадарак. Зараз і ўвесь кастрычнік, калі статкі пераводзілі ў памяшканні, вытворчасць малака была на ўзроўні 101% да адпаведнага перыяду мінулага года. Штодзённа гаспадаркі прадаюць малочнаму камбінату 111 тон якаснага прадукту. Сортам «экстра» — 69%, 31% — вышэйшага гатунку. Па выніках 10 месяцаў бягучага года 61% здадзенага малака — сорту «экстра». Якасць полацкага малака адпавядае сярэднеабласному паказчыку.
— Сёлета зімоўку жывёлы пачынаюць 12 гаспадарак замест 14 мінулагодніх?
— КУСГП «Зялёнка» знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі. Там было пагалоўе буйной рагатай жывёлы 700 галоў, з іх 304 — дойны статак. Жывёлу размеркавалі па гаспадарках, якія ўваходзяць у Полацкае аграпрамысловае аб’яднанне: у Полацкі раён, Ушацкі і Шаркаўшчынскі. Нядаўна рэарганізацыю прайшлі гаспадаркі «Захарнічы» і «Палата». Цяпер у «Захарнічах» пагалоўе 2165 галоў, у тым ліку 837 кароў асноўнага дойнага статка. Гаспадарка атрымалася вялікая.
— Што ўплывае на вытворчасць «белага золата»?
— Безумоўна, спажыўнасць кармоў, дастатковая іх колькасць. Каровы павінны быць здаровыя. Трэба трымаць узнаўленне статка на высокім узроўні. У нашых гаспадарках штомесяц маецца 30% новацельнай жывёлы з агульнага пагалоўя. Калі штомесяц 10% ад дойнага статка пакрываць цялушак і сістэмна ўводзіць іх у асноўны дойны статак, будзе ад каго атрымліваць малако.
— Давайце спадзявацца на сытную зімоўку жывёлы.
— У вытворчасці малака дробязей не бывае. Усім жывёлаводам неабходна адказна ставіцца да патрабаванняў тэхналагічнага рэгламенту вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. У вырошчванні маладняку трэба дасягаць прывагаў 700-750 грамаў, стварыць для цялят, цялушак і кароў спрыяльныя ўмовы ўтрымання, захоўваць тэхналогіі кармлення і даення.
— Дзякуй за размову.