На бягучым тыдні з ходам жніва ў Полацкім раёне азнаёміліся памочнік Прэзідэнта-інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч і старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч, пабываўшы на палях філіяла «Гараны-Агра» і ААТ «Кушлікі».
Разам з кіраўнікамі гаспадарак яны сустрэліся са спецыялістамі, камбайнерамі, вадзіцелямі, механізатарамі. Настрой у хлебаробаў працоўны, кожны імкнецца дасягнуць добрага выніку. У гарачы час уборачнай кампаніі праца кіпіць і на збожжатоках, якія таксама трапілі ў поле зроку падчас працоўнай паездкі па раёне. Гэта вялікі фронт работ, што таксама патрабуе напружанай штодзённай працы. Тут усе намаганні накіраваны на перапрацоўку збожжа: яго ачыстку, сушку, сартаванне, пагрузку і інш.
«Праца хлебароба ганаровая, на яе вынікі ўплываюць многія фактары, — адзначыў старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч. — У бягучым годзе і надвор’е паспрыяла, і зроблена нямала. Своечасова пасеялі, апрацавалі, падсілкавалі пасевы, каб вырасціць добры ўраджай. Застаецца яго ўбраць і перавезці ў засекі. На Полаччыне працалюбівыя, адказныя людзі, і з пастаўленымі задачамі мы справімся». Анатоль Ліневіч, у сваю чаргу, пажадаў усім моцнага здароўя, плёну ў працы, спрыяльнага надвор’я і добрых вынікаў, каб хапала энергіі на ўсе справы, на стале ў кожнага заўсёды быў хлеб, ды й заробкі былі нядрэнныя.
У добры шлях, хлебаробы!