Як можна перадаць у вершах на роднай мове прыгажосць Полаччыны?

Культура

Дню роднай мовы была прысвечана чарговая сустрэча ў музычна-літаратурнай гасцёўні «Ад сэрца да сэрца», якая прайшла ў аддзяленні дзённага знаходжання пажылых людзей (вул.Марыненка, 18) Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцт­ва Полацкага раёна.

Ад імя яе арганізатараў метадыст Полацкага РЦК Таццяна Хутарная шчыра вітала прыхільнікаў роднай мовы і запрасіла кожнага да актыўнага ўдзелу.

А як цудоўна можна перадаць у вершах на роднай мове прыгажосць Полаччыны і самыя трапяткія пачуцці! У гэтым змаглі пераканацца прысутныя, сустрэўшыся з гасцямі — прадстаўнікамі літаратурнага аб’яднання «Наддзвінне». Аб дзейнасці старэйшай літаратурнай суполкі расказала яе кіраўнік Валянціна Сопікава.

Удзельнікі сустрэчы ўспаміналі словы калыханкі, якую яны спявалі для сваіх сыноў і дачок, прызнанні ў каханні, не абыйшлі ўвагай і беларускія прыпеўкі, дружна падхоплівалі песні пад пералівы гармоніка, якімі віртуозна адорвала Людміла Казава, кіраўнік народнага жаночага вакальнага квартэта «Меланж» Полацкага ГПК. 

Цёпла прымалі прысутныя аўтарскія вершы, якія чытала паэтэса Галіна Загурская, лаўрэат абласных літаратурных прэмій імя Уладзіміра Караткевіча і імя Петруся Броўкі. На сустрэчы гучалі і іншыя вершы наддзвінцаў на роднай мове. Заваявалі сэрцы слухачоў і байка «Чалавечы лёс» у выкананні вядомага на Полаччыне байкапісца Раісы Цітовай, і выступленне салісткі Ірыны Замкоўскай.

Фіналам гэтай цікавай сустрэчы стала эксклюзіўнае музычнае выступленне ўдзельнікаў. І так добра яны гралі папуры з народных твораў, што нельга было ўтрымацца ад скокаў пад вядомую «Лявоніху».