Вытворчасць малака для ААТ «Полацкі аграсэрвіс» — задача №1. Да яе выканання жывёлаводы ставяцца адказна.
.
— Інакш мы, людзі, якія нарадзіліся ў Савецкім Саюзе, не ўмеем. Выбралі аднойчы справу жыцця і захоўваем ёй вернасць, — з такіх слоў пачалася наша гутарка са Святланай Дубоўскай, загадчыцай фермы «Тросніца» ААТ «Полацкі аграсэрвіс»
Жанчына адчувае сябе на ферме гаспадыняй, тут усё ёй знаёмае, блізкае і ўжо роднае. Яна прыйшла на працу ў сельскую гаспадарку ў 1983 годзе, хаця дзяцінства і маладосць прайшлі ў Полацку.
— Выйшла замуж за хлопца з вёскі. Каб атрымаць кватэру, нам трэба было ў калгасе працаваць. Муж быў трактарыстам, а я ўладкавалася ў калгас даяркай, — тлумачыць Святлана Рыгораўна.
Сваю маладосць яна ўспамінае з цеплынёй. На яе шляху сустрэліся добрыя людзі, якія дапамаглі гарадской дзяўчыне авалодаць няпростай прафесіяй. Яна ўдзячная за навуку даярцы Алене Іосіфаўне Штукінай, заатэхнікам Ніне Віктараўне Тарасавай і Таццяне Дзмітрыеўне Салодкай.
Сёння на ферме «Тросніца» ўтрымліваецца 500 кароў, з іх амаль 400 — дойны статак, які абслугоўваюць 6 даярак. Сярэдні сутачны надой ад каровы — больш за 8 кілаграмаў малака.
— Лічбы, канешне, будзем імкнуцца павышаць. У параўнанні з мінулым годам наша гаспадарка па валавай вытворчасці малака выконвае план на 109,4%, — адзначыла суразмоўца.
— Многае ў вытворчасці малака залежыць ад кадраў, — упэўнена сцвярджае Святлана Дубоўская і просіць перадаць праз нашу газету ўдзячнасць за надзейнае плячо сваім першым памочнікам — трактарысту Вадзіму Яфімаву і старшай даярцы Таццяне Саўчанка.
Некалькі даярак, з якімі даводзіцца працаваць, — абавязаныя асобы па Дэкрэце №18. Загадчыца фермы імкнецца і з гэтымі жанчынамі знайсці агульную мову, разумее, што ім складана, іх трэба вучыць і абавязкова — кантраляваць.
Нягледзячы на цяжкасці, гераіня замалёўкі ідзе па жыцці з аптымізмам і гумарам. Яна верыць у Бога, моліцца аб здароўі для мужа Міхаіла (з ім жывуць разам 40 гадоў), чацвярых дзяцей і трох унукаў. Яна горача падтрымлівае ўнука-спартсмена, навучэнца Віцебскага вучылішча алімпійскага рэзерву. Бабуліну душу цешыць унучка з рэдкім імем Таяна, якой яна сёлета звязала прыгожае ружовае паліто. «За ўсё ў жыцці ўдзячная Богу, сваім бацькам і добрым людзям, на якіх мне шанцуе на жыццёвым шляху», — падсумавала нашу размову Святлана Дубоўская.