Выязное пасяджэнне кіраўнікоў сельгаспрад­прыемстваў і спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама ў гаспадарцы «ПС­Карпекі» прай­шло на чале з кіраўніком Полацкага раёна Мікалаем Шаўчуком

Заботы сельские

Выязное пасяджэнне кіраўнікоў сельгаспрад­прыемстваў і спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама ў гаспадарцы «ПС­Карпекі», якое прай­шло на чале з кіраўніком Полацкага раёна Мікалаем Шаўчуком, прынесла карысць усім яго ўдзельнікам.

  -Гэта сапраўдны бясплатны ўніверсітэт, дзе тэорыя па раслінаводстве і жывёлагадоўлі падмацавана практыкай. Кожны можа пераняць вопыт, асабліва маладыя кіраўнікі гаспадарак, — зазначыў Мікалай Шаўчук.

Сапраўды, павучыцца ў вопытнейшага кіраўніка сельгаспрад­прыемства «ПС­Карпекі» Аляксандра Кавалёва можна многаму. У мінулым годзе гаспадарка станавілася ўдзельнікам абласнога фестывалю працаўнікоў вёскі «Дажынкі» за дасягненні ў працы. На думку кіраўніка Полацкага раёна, менавіта ў гаспадарцы «ПС­Карпекі» на сённяшні дзень самая прыгожая ў Полацкім раёне жывёла — дагледжаная і сытая.

Сёлетняй вясной большасць гаспадарак знізіла паказчыкі па вытворчасці малака, а ў Карпеках па «белым золаце» — плюс да адпаведнага перыяду мінулага года. І па прывагах карпецкія цялушкі лідзіруюць. У чым сакрэт? У выпрацаваных тэхналогіях па кармленні і доглядзе за каровамі, у захаванні працоўнай дысцыпліны.

Дырэктар гаспадаркі распрацаваў сістэму матэрыяльнай матывацыі для даярак, і яна паспяхова працуе, людзі імкнуцца зарабіць. Аказала ўплыў на павелічэнне надояў малака і новая ферма, здадзеная ў снежні. На новае месца перавязлі цялушак, а ў сараях павялічылі дойны статак і «знайшлі» малако.

Пра дадатковыя памяшканні для жывёлы вёў гутарку з кіраў­нікамі Мікалай Шаўчук. Вынік размовы — у бліжэйшы час новыя кароўнікі ці цялятнікі павінны з’явіцца ва ўсіх гаспадарках. З тым, што гэты шлях прывядзе да павелічэння вытворчасці малака, згадзіліся ўсе, і намераны будавацца.

«Малако — гэта, у першую чаргу, бялок, таму пашы павінны быць засеяны канюшынай ці травянымі сумесямі», — нагадваў Мікалай Шаўчук і зноў прыводзіў у прыклад Аляксандра Кавалёва. У Карпеках навучыліся нарыхтоўваць і кармы, працаваць з угнаеннямі. У севазвароце гаспадаркі тры асноўныя культуры: пшаніца, канюшына і рапс. Для вырошчвання канюшыны спецыялісты выпрацавалі нават сваю ўласную тэхналогію, і вынік атрымаўся станоўчы.

Пасля агляду лінейкі гатоўнасці тэхнікі для нарыхтоўкі кармоў удзельнікі выязной вучобы накіраваліся на ферму, дзе пазнаёміліся з утрыманнем цялят і з працай цэха раздою. Тлумачэнні па тэхналогіі вырошчвання маладняку і па рацыёне кароў і цялушак давалі першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Наталля Тышкевіч і дырэктар «ПС­Карпекі» Аляксандр Кавалёў.

Аляксандр Яраставіч звяртаў увагу на тое, што працаваць на раздоі вельмі цяжка, гэту працу  можа выконваць не кожная даярка. У Карпеках за гэтую справу ўзяліся самыя лепшыя з аператараў машыннага даення, перадавікі па атрыманні малака. Многія кіраўнікі зацікавіліся «прафілакторыем для ўтрымання цялят». Зазірнулі ў клеткі і ўбачылі чысціню, прастору і святло.

У дастатковай колькасці для малых вада і камбікорм. Кожнае цяля ўтрымліваецца асобна, штодзённа вядзецца кантроль за станам іх здароўя і прывагамі, за добрыя паказчыкі даяркі атрымоўваюць даплату. «Апошні фактар — немалаважны!» — з веданнем справы гаварыў Аляксандр Кавалёў.

Наведалі госці гаспадаркі і адну з пашаў. Намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Наталля Крывец адзначала, што для раўнамернага росту травы пашы трэба абавязкова падкошваць. На месцы выпасу кароў спецыялісты давалі тлумачэнні па правільнай арганізацыі працы жывёлаводаў у летні перыяд. У дастатковай колькасці для кароў у полі павінны быць вада і соль, абсталяванне для асемянення, арганізацыі даення, цыстэрна для малака і іншае.

«Аляксандр Кавалёў — з кагорты кіраўнікоў, на якіх трымаецца гаспадарка», — адзначыў Мікалай Шаўчук. І пахваліў дырэктара за неабыякавасць да ўсяго, што адбываецца на палях і фермах. Нават людзей на працу з іншых раёнаў ён прывозіць у Карпекі сам. Аляксандр Яраставіч — дальнабачны кіраўнік, у справах не стаіць на месцы, імкнецца ўкараняць у працу новыя тэхналогіі, развіваць вытворчасць. Шмат чытае, вучыцца.

Паспяхова кіраваць гаспадаркай яму дапамагаюць веды, добрыя арганізатарскія здольнасці і бязмежная адданасць высакароднай справе хлебароба, якую аднойчы ён абраў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *