За сваю шматвяковую гісторыю беларускі народ стварыў унікальную самабытную культуру. Менавіта паказ нацыянальнага каларыту беларускага фальклору, адраджэнне нацыянальных традыцый і сталі мэтай пры стварэнні ў Полацкім раённым аддзеле адукацыі, спорту і турызму праекта «Ад вытокаў у будучыню».
На працягу яго рэалізацыі вучні ўстаноў адукацыі Полаччыны разам з педагогамі вывучалі асаблівасці народных святаў і абрадаў беларусаў. Вынік іх працы — яркія тэатралізаваныя інсцэніроўкі народных абрадаў. Так, вучні і настаўнікі СШ №3 г.Полацка падрыхтавалі цікавую пастаноўку старажытнага беларускга свята Камаедзіца.
Выступоўцы расказалі, што лейтматывам Камаедзіцы праходзіць святкаванне абуджэння прыроды, нараджэння новага лета. Людзі радаваліся, што перажылі яшчэ адну зіму, развітваліся з ёй, як з надакучлівай госцей. Лічылася, што мядзведзь абуджаецца ад сну і будзіць прыроду. Таму гэтага касматага звера ўшаноувалі рознымі стравамі: гэта быў сушоны рэпнік, гарохавыя камы, кісель, мёд і рэпа.
Дарэчы, абавязковымі ўдзельнікамі абрадавых забаў былі людзі, пераапранутыя ў мядзведзяў. Быў і ў школе свой касалапы. Вучні 5-11 класаў разам з настаўніцай беларускай мовы Наталляй Бурко, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольгай Пятніца і Полацкім фальклорным гуртом «Варган» (кіраўнік В.А.Емяльянчык) паказалі, як нашыя продкі святкавалі Камаедзіцу, у якія гульні гулялі, як мядзведзя частавалі.
Атрымалася здорава! А галоўнае, у падрастаючага пакалення была цудоўная магчымасць далучыцца да самабытнай культуры беларускага народа, пазнаёміцца з цікавымі звычаямі і абрадамі.