Калі мяне часам пытаюцца, чаму я так часта ў сваіх творах пішу пра родны горад, я нават не адразу магу сфармуляваць адказ. А ён і просты, і складаны. Для мяне Полацк не проста месца, дзе я, кажучы словамі Скарыны, па Божай ласцы на свет з’явіўся. Полацк — гэта крыніца ўсіх маіх светлых пачуццяў, гэта мая духоўная сталіца, гэта, урэшце, месца, дзе пахаваны мае бацькі і бабулі, дзе жывуць мае родныя і блізкія, дзе я спазнаў шмат цудоўных імгненняў, каханне
і нараджэнне дзяцей.
Я шмат паездзіў па свеце, пабываў у многіх краінах, пахадзіў нават па Вялікай кітайскай сцяне, ды ўжо амаль дваццаць гадоў мой дом у Мінску. Але Полацк заўсёды ў маім сэрцы, у маіх думках, у маіх творах. І як сказаў наш выдатны зямляк Генадзь Бураўкін: «А калі не спяваць аб Радзіме, дык навошта наогул спяваць?».
Прапаную на суд чытачоў вершы з новай кнігі
Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ.
Ля Барысава каменя
ў Полацку
Гэты горды валун
помніць хвалі Дзвіны,
Што стагоддзі яго
абмывалі няспынна.
Ён стаяў непахісна,
нібыта Айчына,
І пра полацкі дом
бачыў мройныя сны.
Дакрануся да цёплага боку яго
І таемную споведзь
Радзімы адчую,
Чысціню і спагаду, і веру святую,
І надзеі людской
жыццядайны агонь.
І па жылах памкнецца
стагоддзяў цяпло
І напоўніць істоту і моцай, і сілай,
Што заўсёды
магутнай апорай было
Для сыноў і дачок
на зямлі маёй мілай.
З паэмы «Адзінае»
Над цэркаўкаю промень залаты,
Нібы з нябёсаў таямнічых посах,
І Полацк,
што падораны мне лёсам,
Не страціў сваю веліч праз гады.
А ў келлі адзінокай цішыня
І толькі дух нябачнай Еўфрасінні.
Чакае ранак зноў у высях сініх
Пачатак новы маладога дня.
І Лік святы праз мроіва муроў
Вярнуўся ў храм
праз сівізну стагоддзяў,
Каб памяццю застацца
у народзе,
Каб светлым промнем
засвяціцца зноў.
Бо фрэскам тым
непадуладны час.
А як іх замалёўвалі вякамі !…
Ды зрушыўся вякоў
замшэлы камень,
І вось яны ізноў прыйшлі да нас.
І я так верыў, полацкі хлапчук,
Што слава майго горада
аднойчы
Адкрые родным палачанам
вочы,
Каб годнасць на зямлі
сваёй адчуць.
Прадслава,
сёння бачыў я праз сон,
Як ты ступаеш басанож па полі
Да вечнасці, да еднасці, да волі,
Праз тлум вірлівых
і панылых дзён.
Каб Еўфрасінняю прыйсці
да нас,
Нібыта светлым променем
іскрыстым
І словам мудрым,
як крыніца чыстым,
Нас бласлаўляць зноў
праз вякі і час.