Удзельнікам і гасцям урачыстасцяў з нагоды
Дня беларускага пісьменства
Паважаныя сябры!
Сардэчна віншую вас з Днём беларускага пісьменства — святам культуры, асветы і духоўнасці!
Шырокія ўрачыстасці, прысвечаныя гэтай падзеі, год ад году набываюць усё больш глыбокі сэнс, бо яны вяртаюць нас да сваіх вытокаў, выклікаюць пачуццё нацыянальнай годнасці. Свята стала сведчаннем адраджэння нашых лепшых традыцый, сапраўдным сімвалам незалежнасці Беларусі.
Углядаючыся ў яе шматвяковую гісторыю, мы пераконваемся ў тым, наколькі значны ўклад зрабілі нашы славутыя землякі-асветнікі, навукоўцы, літаратары, музыканты, мастакі — у сусветную духоўна-культурную скарбніцу.
На гэты раз сталіцай святкавання Дня пісьменства стаў старажытны Полацк — калыска нашай дзяржаўнасці. Сёлета горад адзначае 1155-годдзе. Менавіта тут нарадзіўся вялікі Францыск Скарына, які 500 год таму надрукаваў першую беларускую кнігу.
Друкаванае слова, веды, любоў да роднай зямлі былі і застаюцца невычэрпнай крыніцай сілы і мудрасці народа, яго нястрымнага імкнення да свабоднага і справядлівага жыцця. Упэўнены, што цяперашнія ўрачыстасці надоўга застануцца ў памяці і будуць натхняць нас на плённую працу дзеля росквіту Радзімы.
Шчыра жадаю ўсім удзельнікам і гасцям свята моцнага здароўя, дабрабыту, міру і шчасця!
Аляксандр Лукашэнка,
Прэзідэнт
Рэспублікі Беларусь.