Віншаванне біскупа Віцебскага з Вялікаднем

Актуальное

Паважаныя браты i сёстры у Хрысце, шаноуныя суайчыннiкi!

«У Ягонае Імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузалема» (Лк 24,47).

Фото Ильи ШВЕДКО.

Уваскрасенне Езуса Хрыста, якое ў гэты час мы перажываем, не пазначана сёлета ўзнёслай радасцю, якая звычайна спадарожнічае гэтаму святу — галоўнай падзеі, з каторай чэрпае сваю моц і абгрунтаванне хрысціянская вера. Не таму, што яна нібыта перастала быць праўдай, але таму, што гэтая праўда перастала кранаць людскія сэрцы, мець уплыў на жыццё чалавека і, як вынік, у свеце зноў неспакойна.

Калісьці Хрыстос сказаў вельмі моцныя словы: «Кажу вам: калі не пакаецеся, усе таксама загінеце» (пар. Лк 13,3). Яны прагучалі ў адказ на паведамленне пра злачынства, здзейсненае Пілатам над групай галілеян. Гэтае моцнае папярэджанне Збаўцы набывае асаблівую актуальнасць сёння. І добра, калі яно стане нагодай не спужацца, але па-сапраўднаму паважна падысці да Евангелля — Добрай Весткі пра тое, як «…палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзі­­народнага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3,16). Бо Бог «не хоча смерці грэшніка, але каб адвярнуўся ад шляху свайго і жыў» (Эз 33,11).

Апошні час нясе з сабой шмат папярэджанняў чалавецтву. І ў гэтым хаваецца таксама вялікая Божая Міласэр­насць. Нам, сваім часта непаслухмяным дзецям, Ён хоча зноў і зноў сказаць: «Я люблю вас». Як доказ таму чарговае свята Пасхі, падчас якога мы разважаем і перажываем крыжовую пакуту ахвяраванага дзеля нас Божага Сына. Аднак гэта дзеля таго, каб разам з Ім уваскрэснуць: тут, у гэтым свеце, са сваіх грахоў і недахопаў, а напрыканцы часоў — да жыцця вечнага.

«Гэта Я сказаў вам, каб вы мелі ўва Мне спакой. У свеце зведаеце ўціск, але будзьце адважнымі: Я перамог свет» (Ян 16,33). Няхай гэтыя словы Хрыста не пакідаюць вас ніколі, становячыся крыніцай надзеі і мудрага падыходу да жыцця! Няхай Божы спакой напаўняе вашыя сэрцы, дамы, нашу краіну і ўвесь свет!
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Са Святам!

+Алег Буткевіч, біскуп Віцебскі.