Дарагія вернікі, паважаныя браты і сёстры ў Хрысце!
Скончыўшы пост, мы з вялікай радасцю сустракаем Свята Уваскрасення нашага Збаўцы Езуса Хрыста. Непасрэднымі ўдзельнікамі і першымі сведкамі Пасхальных падзей Хрыста сталі апосталы, і дзякуючы ім мы сёння вызнаём праўду пра ўваскрасенне з мёртвых. Гэтая праўда змяніла жыццё апосталаў, якія паверылі і пераканаліся, што іх Настаўнік — гэта «Хрыстос, Сын Бога жывога» (Мц 16.16), Які ўваскрос і «…сядзіць праваруч ад Бога» (Гбр 10,12). Гэтая праўда павінна і сёння змяняць у першую чаргу жыццё тых, хто яе вызнае. Калі чуем у гэтыя дні радасны вокліч «Хрыстос уваскрос!», то наш адказ — «Сапраўды ўваскрос!» — няхай будзе выразам моцнай веры ў тое, што Хрыстос сапраўды жыве, прабывае з намі.
Вызнаваць гэтую праўду ў сучасным свеце нялёгка. Ёсць шмат краінаў, дзе і сёння расплатай за веру ва Уваскрослага Хрыста з’яўляецца пралітая кроў мучанікаў. Гэтай крывёй была багата акроплена і наша зямля. Ва ўсе вякі моц для знясення пакутаў і пераадолення цяжкасцяў хрысціянам давала вера ва Уваскрослага і прысутнага ў іх жыцці Збаўцу. Таму і нам няхай заўсёды спадарожнічаюць словы Хрыста, сказаныя Ім падчас Апошняй Вячэры: «… У свеце будзеце мець прыгнёт, але будзьце адважныя: Я перамог свет». (Ян 16. 33).
Мы бяром удзел у перамозе Божага Сына. Прайшоўшы праз браму смерці і вярнуўшыся да жыцця, Хрыстос скіроўвае да нас словы, як калісьці да Апосталаў: «Супакой вам» (Лк 24,36). Няхай гэты супакой заквітнее глыбокай верай, непахіснай надзеяй і трывалай любоўю ў жыцці кожнага з вас і дапаможа стацца па-сапраўднаму міласэрнымі, як наш нябесны Айцец! Божага святла і радасці ў Дзень Вялікай Хрыстовай Пасхі! Хрыстос Уваскрос! Аллелюя!
+Алег Буткевіч,
Біскуп Віцебскі.