Выкладчык Полацкага каледжа ВДУ імя П.М. Машэрава, старшыня Полацкай раённай арганізацыйнай структуры РДГА «Беларускае таварыства «Веды» Віктар МІШУТА:
— Безумоўна, 17 верасня з’яўляецца вельмі важным днём у нашай гісторыі. Нагадаю, што па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора ад 21 сакавіка 1921г. Польшча павінна была забяспечыць рускім, украінцам і беларусам роўныя правы і свабоднае развіццё культуры, мовы і выканання рэлігійных абрадаў. На жаль, з гэтых абяцанняў практычна нічога не было выканана. На працягу двух дзесяцігоддзяў польскія ўлады планамерна ажыццяўлялі палітыку паланізацыі і акаталічвання беларусаў. Літаральна за тры гады пасля падпісання дагавора былі зачыненыя ўсе беларускія настаўніцкія семінарыі, колькасць беларускіх школ скарацілася ў 20 разоў, гімназій — у два. А да 1939 г. на тэрыторыі Заходняй Беларусі не засталося ніводнай беларускай школы, зачыняліся праваслаўныя храмы.
Сацыяльна-эканамічны, рэлігійны, нацыянальны прыгнёт беларусаў як нацыянальнай меншасці прывёў да моцнага нацыянальна-вызваленчага руху.
Дарэчы, у Бярозаве-Картузскім быў арганізаваны канцэнтрацыйны лагер, дзе знаходзіліся тысячы зняволеных людзей, беларускіх патрыётаў, якія выступалі супраць дыктатарскага рэжыму Ю.Пілсудскага, адстойвалі свае нацыянальныя правы.
Таму зусім невыпадкова, што ў верасні 1939г. большасць насельніцтва сустракалі савецкіх салдат з радасцю, кветкамі і хлебам-соллю.
Несумненна, уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР станоўчым чынам паўплывала на далейшае развіццё беларусаў як нацыі. Тэрыторыя павялічылася амаль што ў два разы. Ужо ў тыя часы быў закладзены сур’ёзны падмурак для індустрыяльнага развіцця БССР. Была ўведзена бясплатная адукацыя, медыцына. Сталі функцыянаваць беларускія выдавецтвы, тэатры, бібліятэкі, дамы культуры. Новае гучанне набыла беларуская літаратура.
Тым не менш, гэты дзень дае нам падставу яшчэ раз узгадаць, што адзінства, згуртаванасць заўсёды дапамагалі беларусам у самыя складаныя моманты нашай гісторыі. А гэта, у сучасных умовах, з’яўляецца важнымі фактарамі ў захаванні сваёй дзяржаўнасці. Мне здаецца, што толькі ў незалежнай краіне мы будзем «людзьмі звацца». Упэўнены, што паўнавартаснае існаванне і развіццё нацыі магчыма, калі нарад пражывае у межах адной краіны.
Хочацца адзначыць, што ў калектыве Полацкага каледжа ВДУ імя П.М. Машэрава, дзе я працую, надаецца вельмі вялікая ўвага захаванню гістарычнай памяці, выхаванне навучэнцаў адбываецца на аснове нацыянальных каштоўнасцяў. Разам з гэтым адзначаецца, наколькі важна паважаць правы і традыцыі шматлікіх этнічных меншасцяў, якія пражываюць побач з намі, жыць у добрасуседстве з іншымі краінамі.