Дзмітрый Кірпічонак, ветэрынарны фельчар УП «П-С Карпекі» Полацкага раёна, працуе ў гаспадарцы толькі другі год. Але, чым больш часу праходзіць, тым больш малады чалавек прыходзіць да высновы, што калісьці зрабіў правільны выбар прафесіі. Упэўненасці ў гэтым яму надало і прысуджанае другое месца ў рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства «Лепшы ветэрынарны ўрач Рэспублікі Беларусь-2018» сярод урачоў сельскагаспадарчых арганізацый.
Дзмітрый Мікалаевіч паспяхова прайшоў адбор на раённым і абласным этапах конкурсу і стаў адным з 12 фіналістаў рэспубліканскага. Высокі ўзровень практычных навыкаў Дзмітрыя Кірпічонка, як і яго супернікаў, быў пацверджаны вынікамі дзейнасці і высокімі паказчыкамі ў працы (яны былі адлюстраваны ў справаздачах), таму фіналістам прапанавалі прайсці тэарэтычны тэст па ветэрынарыі. Дзмітрый паспяхова справіўся з заданнямі, колькасць атрыманых ім балаў «пацягнула» на Дыплом ІІ ступені і памятны падарунак. Удзел у конкурсе падарыў яму станоўчыя эмоцыі і знаёмства з паспяховымі калегамі з усёй краіны, пашырыў веды па выкарыстанні ў працы ветпрэпаратаў вытворчасці ААТ «БелВитунифарм».
У гаспадарцы «П-С Капрекі» вялікі дойны статак — 412 кароў, а агульны — каля 1500. І кожная рагуля патрэбуе ўвагі спецыяліста. Але ўсмешлівы малады ветфельчар не скардзіцца на вялікі фронт працы. Ён удзячны ўсім, хто падстаўляе яму плячо ў вырашэнні вытворчых пытанняў: дырэктару гаспадаркі Аляксандру Кавалёву, спецыялістам раённай ветэрынарнай службы, загадчыкам ферм і ўсім жывёлаводам, якія аддана працуюць на карысць гаспадаркі.
У адукацыйным партфелі Дзмітрыя Кірпічонка — два дыпломы: Лужаснянскага сельскагаспадарчага тэхнікума і Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Пасля заканчэння тэхнікума ён два з паловай гады спасцігаў на практыцы на сваёй радзіме ва Ушацкім раёне азы абранай прафесіі, а потым 7 гадоў працаваў зусім у іншай сферы — у ваенізаванай ахове Беларускай чыгункі. Але там сумаваў без жывёл. І аднойчы вырашыў вярнуцца ў прафесію, якой авалодваў некалькі год.
…Кожны дзень сярэбранага фіналіста рэспубліканскага конкурсу пачынаецца на досвітку, у 4.30 раніцы. Разам з даяркамі на трактары ён едзе на працу, наведвае фермы «Кауны», «Карпекі», «Лучна».
Нягледзячы на занятасць на працы, Дзмітрый імкнецца пашыраць прафесійныя веды, рэгулярна чытае спецыялізаваныя сайты ў Інтэрнэце. Ён намераны жыць і працаваць у Карпеках. Лічыць, што ад добрага лепшага не шукаюць.
Уладкаваўся на працу туды, дзе была вакансія. Дырэктар УП «П-С Карпекі» Аляксандр Кавалёў сустрэў яго ветліва, атрымалася грунтоўная мужчынская размова. Спецыялісту далі жыллё, зацікавілі матэрыяльна. Дзмітрый удзячны за добразычлівасць калегам, якія прынялі яго ў свой дружны калектыў. З многімі ён наладзіў сяброўскія адносіны.
Бацькі Дзмітрыя жывуць ва Ушачах. Ён часта бывае дома, дапамагае ім і вельмі спадзяецца, што Бог адмерыў яго родным, самым дарагім людзям, доўгі век.