Жыхары населеных пунктаў Гаранскага сельсавета ўключыліся ў працу па навядзенні парадку на зямлі.
У аграгарадку Гараны ідзе рамонт фасада будынка сельвыканкама. Прывабна выглядаюць і пабеленыя бардзюры. Школьнікі і работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі штодзень убіраюць у вёсцы смецце, якое засталося пасля зімы.
Мясцовая сельская ўлада запланавала вясной з дапамогай спецыялістаў раённай службы бытавога абслугоўвання насельніцтва зрабіць рамонт помніка загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Домнікі, хутка распачнецца і праца па спільванні аварыйных дрэў на грамадзянскіх могілках у вёсках Бызылёўка і Шацілава.
З прапановай навесці парадак на прысядзібных тэрыторыях звярнулася да жыхароў Экіманскага сельсавета кіраўніцтва мясцовай сельскай улады. Адпаведныя аб’явы змешчаны на будынках сельскіх магазінаў.
У пачатку сакавіка ў Экімані наведзены парадак на прыпынках аўтобусаў, у Экімані-2 зроблены рамонт агароджы ля праезнай часткі. Чакае свайго часу ўборкі грамадскі сад у вёсцы Экімань.
Да прадстаячага Дня Перамогі будзе адрамантаваны помнік у Экімані-2 на брацкай магіле часоў Вялікай Айчыннай вайны. За выкананне гэтага праекта ўзяліся спецыялісты камбіната «Рытуал».
Добрае надвор’е паспяхова выкарыстоўваюць для добраўпарадкавання тэрыторый населеных пунктаў кіраўніцтва сельскай улады і жыхары Салоніцкага сельсавета.
Вядуцца чыстка і рамонт дарог у вёсках Струнне, Багатырская і Саланікі. Да радасці сяльчан пры садзеянні мясцовай улады адрамантаваны мост праз раку Струнне. Асабліва актыўна ідзе праца па навядзенні парадку, уборцы смецця па чацвяргах — у дзень, аб’яўлены ў Полацкім раёне Днём чысціні. На бліжэйшы час запланаваны касметычны рамонт помніка на брацкай магіле часоў Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Тросніца.
Наступіла вясна, разам з ёй незаўважна прыйдзе і вялікае свята — Дзень Перамогі.
Гэты святы дзень дастойна будзе адзначаны ў Гомельскім сельсавеце. За выдзеленыя з раённага бюджэту сродкі хуткімі тэмпамі ідзе праца па рамонце мемарыяльнага комплексу брыгадзе імя Варашылава. Спецыялісты прадпрыемства «Отделочник-28» узяліся за замену тумбаў з назвамі партызанскіх брыгад, за рамонт фундамента стэлы. Да свята будуць заменены памятны знак і абеліск у вёсцы Гарнаполле — у памяць загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны мясцовым жыхарам.
Аліна БАЛЬШАКОВА.
Фота Івана БАЯ.