Веснавая сяўба ў гаспадарках Полацкага раёна працягваецца пры любым надвор’і

Заботы сельские

Штодзень на палях 14 гаспадарак Полацкага раёна працуе тэхніка. Гул трактароў разносіцца далёка па наваколлі і дорыць надзею, што веснавая пасяўная кампанія — значны этап сельскагаспадарчага года — пройдзе паспяхова і мы будзем з ураджаем.На ўчарашнюю раніцу хлебаробы Полаччыны выканалі план яравой сяўбы на 37,7%.

С ёлета ў Полацкім раёне пасяўныя плошчы сельскагаспадарчых культур сфарміраваны пад неабходнасць раслінаводчай прадукцыі, у першую чаргу, пад галіну жывёлагадоўлі, з улікам росту аб’ёму вытворчасці, паставак у кошт дзяржаўных патрэб, засыпку насенных фондаў пад ураджай 2021 года.
У большасці гаспадарак у структуры пасяўных плошчаў зерневая група зойме 51%, крыжакветныя — 13%, кармавыя культуры — кукуруза і шматгадовыя травы — 28,4%.
Дырэктар філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» Аляксандр Калтуноў адзначыў, што і ў іх філіяле сёлета зерневая група зойме плошчу 1650 га, ці 51%. Каб завяршыць сяўбу зерневых, якія засталіся, рапсу і кукурузы патрэбныя пара працоўных дзён, але спецыялісты вырашылі не спяшацца, а пачакаць спрыяльны агратэхнічны тэмпературны рэжым.

Дапамагаюць механізатарам філіяла практыканты — навучэнцы Гарадоцкага сельскагаспадарчага тэхнікума і Полацкага ліцэя сельгасвытворчасці. Гаранцы дапамагалі на ворыве і падрыхтоўцы глебы «Э/б Ветрынская» і Полацкаму аграсервісу.


Пра ход пасяўной кампаніі ў філіяле расказала галоўны аграном Тамара Макарава.

Іх гаспадарка лідзіруе на сяўбе зерневых і зернебабовых: гаранцы выканалі план на 94%, а сярэднераённы паказчык — толькі 58,6%. «Да 20 красавіка мы выканалі б тэрміны сяўбы. Але глеба зараз халодная, пачакаем, пакуль яна прагрэецца на глыбіню сяўбы насення 5 сантыметраў хаця б на 10 градусаў», — адзначыла вопытны спецыяліст.
Тамара Мікалаеўна засмучана, што сёлетняя вясна ранняя, халодная, зацяжная. Ёй па душы позняя і дружная. Халоднае надвор’е перашкаджае працы з хімпрэпаратамі, і гэта акалічнасць выклікае трывогу ў яе душы.


«Пахваліце праз газету памочнікаў-механізатараў, якія разам са мной пра­цуюць у полі», — просіць Тамара Мікалаеўна і называе шэраг імёнаў і прозвішчаў: Сяргей Анісковіч, Аляксандр Гайковіч, Віталь Гой, Андрэй Ходзікаў працавалі на сяўбе, Дзмітрый Гарох — на падрыхтоўцы глебы, Дзмітрый Капыценка, Андрэй Саўкін, Сяргей Іваноў — на ўнясенні ўгнаенняў, арганікі. Галоўны аграном пахваліла і вадзіцеляў.

Ва ўрочышчы Маляўні мы сустрэлі двух перадавікоў сёлетняй пасяўной кампаніі — Дзмітрыя Гароха і Віталя Гоя. Мужчынам вясна падабаецца: сяўбу пачалі рана, 20 сакавіка. Агрэгаты, на якіх яны працуюць, зараз асабліва запатрабаваны. Віталь Гой вельмі любіць працаваць на зямлі, прафесію механізатара ў Полацкім ліцэі сельгасвытворчасці засвойвае і яго сын Максім. Дзмітрый Гарох — адказны і вопытны працаўнік, на такіх, як ён, трымаецца сельская гаспадарка не толькі філіяла, але і ўсяго Полацкага раёна!

Фото автора.