Весела вабяць вольны час жыхары аграгарадка Зялёнка: актыўныя жанчыны з задавальненнем наведваюць танцавальны гурток, а школьнікі ўвечары бягуць на горку, каб сустрэцца з сябрамі, а потым з радасцю разам скаціцца ўніз.
У адзін з вечароў разам са старшынёй Зялёнкаўскага сельвыканкама Віктарам Нядоўбай мы завіталі ў Зялёнкаўскі сельскі Дом культуры.
І парадаваліся сустрэчы з удзельнікамі танцавальнай групы. Яе кіраўнік, а хутчэй, трэнер Анастасія Вягіўская распавяла, што з задавальненнем згадзілася на прапанову мясцовых жанчын праводзіць з імі два разы на тыдзень — у аўторак і чацвер — заняткі па аэробіцы. Сама Насця — маці дваіх маленькіх дзяцей, шчыра прызналася, што аэробіка карысная і ўласна для яе: пасля дэкрэтнага водпуску яна хоча быць у добрай спартыўнай форме. У маладой жанчыны за плячыма — прафесійныя заняткі спортам, яна мае званне майстра спорту міжнароднага класа па акадэмічным веславанні. Праца над рознымі групамі мышцаў, заняткі фізічнай культурай даўно сталі для яе нормай жыцця.
— Насцю нам сам Бог паслаў! — адзначылі жанчыны і падзякавалі ёй (напэўна, ужо ў каторы раз!) за карысныя заняткі.
«Таццяна Пашкевіч, Алена Партнова, Раіса Лішанкова, Ала Лапановіч, Жанна Атрахімовіч, Ірына Альшэўская, Святлана Небаўсенка, Марына Краснабаева, Наталля Марозава», — пералічвала сябровак па танцавальнай групе самая старэйшая з удзельніц, 67-гадовая Любоў Кудзеля. На пытанне, як яны аб’ядналіся ў такі дружны калектыў, адказала: «Дапамог праект Чырвонага Крыжа «В погоню за здоровьем!», у якім удзельнічаў наш населены пункт. Мы навучыліся весці здаровы лад жыцця, умеем карыстацца палкамі для скандынаўскай хады, з задавальненнем займаемся на вулічных трэнажорах, якія ўстаноўлены ля школы. Мы ўжо прывыклі займацца фізкультурай, ведаем, што быць здаровым — модна і прыгожа!»
Гучыць музыка, і жанчыны старанна паўтараюць розныя рухі за сваім маладым кіраўніком. Прыемна глядзець на шчаслівыя твары вясковых жанчын, на тое, як яны імкнуцца стаць яшчэ больш прыгожымі!
Кіраўнік мясцовай сельскай улады з адабрэннем ставіцца да захаплення жанчын. Віктар Мікалаевіч лічыць, што здаровы лад жыцця, па-першае, спрыяе паляпшэнню іх здароўя, а па-другое, у жанчын складваюцца добрыя суседскія зносіны.
Разам с Віктарам Нядоўбай у той вечар мы завіталі на вясковую горку. Знаходзіцца яна ў лясным масіве, блізка ад дамоў вяскоўцаў. «Мы завем яе «Трошка» — па прозвішчы гаспадароў апошняга дому перад горкай», — растлумачыў старшыня сельвыканкама. Сёлета зіма снежная. На горку прыходзяць не толькі школьнікі, але і дарослыя. Падчас зімовых канікулаў народу на горцы было шмат: да бабуль і дзядуль у аграгарадок прыехалі ўнукі з горада — і хутка на горку!
Мы напаткалі за катаннем з гары кампанію хлопчыкаў і адну дзяўчынку. Таццяна Семчанка на пытанне, ці камфортна яна сябе адчувае, адказала: «Цюбінг — мой, але няхай усе катаюцца!»
Па чарзе дзеці бралі цюбінг і каціліся ўніз. Мы, дарослыя, зайздросцілі ім. Хлопчыкі прынеслі з сабой вялікі кавалак поліэтылена, дружна садзіліся на яго — і з рогатам каціліся ўніз. Іх твары былі чырвоныя ад марозу, ад захаплення.
Ала Лапановіч:
Для пенсіянеркі Алы Лапановіч заняткі аэробікай сталі глытком свежага паветра. Яна — актыўная ўдзельніца ўсіх мерапрыемстваў, якія ладзяцца ў іх сельсавеце. Ала Пятроўна адзначыла, што заняткі аэробікай дапамаглі ёй палепшыць здароўе, яна адчувае сябе актыўнай, энергічнай. Хатнія справы і догляд за ўнукамі цяпер для яе — зусім не праблема, а задавальненне!
Ірына Альшэўская:
Ірына Альшэўская — выхавацельніца ў дзіцячым садку. Выказала задавальненне, што жанчыны ва ўзросце прынялі ў свой дружны калектыў і яе, маладую дзяўчыну. Ірына любіць музыку, таму з задавальненнем не толькі слухае яе ў зале, але і танцуе. «Займацца танцамі — куды лепш, чым сядзець у камп’ютары ці ляжаць на канапе з тэлефонам у руках!» — упэўнена Ірына. Яна заклікала моладзь не толькі з Зялёнкі, але і з усяго Полацкага раёна заняцца фізкультурай. «Рух — гэта жыццё без хвароб!» — упэўнена дзяўчына.
Алена Партнова:
Алена Партнова працуе ў мясцовым паштовым аддзяленні. Яна расказала, што на занятках зараджаецца пазітывам, станоўчымі эмоцыямі. Аэробіка ў яе жыцці заняла трэцяе месца пасля сям’і і працы. На пытанне, ці будзе яна наведваць Дом культуры, калі пачнецца вясна і трэба будзе працаваць на агародзе, упэўнена адказала «Канешне!»
Віктар Нядоўба пагутарыў са школьнікамі. Нагадаў, што трэба будзе прыняць удзел у раённых спаборніцтвах па лыжных гонках. Спытаўся, ці зручная дарога на горку, абяцаў пачысціць.
«На Каляды ў нас тут было здорава! Дарослыя распалілі вогнішча. Многа людзей каталася познім вечарам!» — падзяліліся ўражаннямі хлопцы.
На развітанне мы пажадалі ім бадзёрасці і добрага настрою, і галоўнае — не хварэць, каб бацькі дазвалялі хадзіць на горку.