Ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах Полацкага раёна актыўна вядзецца уборка кукурузы

Главное Экономика

Як кажуць у народзе, у каровы малако на языку. Кожны добры гаспадар ведае, што ад корму залежыць колькасць і якасць малака. I таму аграрыі Полаччыны імкнуцца да зімы як мага больш нарыхтаваць разнастайных вітамінных кармоў для буйной рагатай жывёлы. Спачатку сушылі сена ды закладвалі сянажныя ямы, а зараз прыйшла чарга кукурузы. Ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах Полацкага раёна актыўна вядзецца уборка «каралевы палёў».

У ААТ «Блізніца» пад кукурузу адведзена 450 га, і на ўчарашнюю раніцу паспелі ўбраць 118 га.

Галоўны аграном гаспадаркі Браніслаў Эдуардавіч Піліпёнак зазначыў, што ў гэтым годзе ўпершыню была пасаджана кукуруза беларускай селекцыі, да гэтага куплялі ўкраінскае і малдаўскае насенне.

— І ўраджай вырас неблагі, амаль 300 цэнтнераў з гектара, — падкрэсліў Браніслаў Эдуардавіч.

Сёлета на «КВК-800» ўбіраюць кукурузу Алег Казанкін і Уладзімір Вайцяхоўскі. Праўда, калі мы прыехалі ва ўрочышча з паэтычнай назвай Вербачкі, за працай засталі толькі Уладзіміра. Аказваецца, кормаўборачны камбайн Алега Віктаравіча, не вытрымаўшы нагрузкі, выйшаў са строю.

— Ад няспраўнасцей тэхнікі ніхто не застрахаваны, — адзначыў Браніслаў Піліпёнак, — заутра Алег ужо будзе на полі. Ён — сапраўдны прафесіянал. А што да ўборкі кармоў, дык яму няма роўных.

Добра ладзіцца праца і ў маладога Уладзіміра Вайцяхоўскага. Пасведчанне трактарыста атрымаў яшчэ ў школе. На пытанне, чаму выбраў такую прафесію, хлопец адказаў: «Да тэхнікі цягне».

— Працуем дзесьці з сямі раніцы да дзевяці вечара, дамоў у прыцемках вяртаемся, — гаворыць Уладзімір.

За дзень механізатар нарыхтоўвае каля 300 тон зялёнай масы, а гэта амаль дзве дзённыя нормы.

На адвозцы кукурузы працуюць Фёдар Каўнурка, Уладзіслаў Васілевіч і Іван Мароз. I хоць на полі ўбіраў кукурузу ў той дзень адзін Уладзімір, работы ўсім хапала.

Фёдар Іванавіч Каўнурка ў гаспадарцы ўжо 35 гадоў. 3 іх 6 — на МАЗе, да гэтага быў вадзіцелем малакавоза.

— Канешне, на малакавозе лягчэй, але на МАЗе больш цікава — заўсёды з людзьмі, — прызнаўся Фёдар Каўнурка.

Уладзіслаў Васілевіч і Іван Мароз — хлопцы маладыя, у ААТ «Блізніца» працуюць нядоўга.

Улад два гады таму прыехаў з дзецьмі і жонкай з Ушацкага раёна і ўладкаваўся ў гаспадарку. Тут сям’ю забяспечылі жыллём. Улада Васілевіча з дзяцінства цягнула да тэхнікі. I гэта не дзіў-на: дзед і бацька былі механізатарамі.

Іван Мароз таксама пайшоў паслядах бацькі.

— Мне тэхніка падабаецца: як машыны, так і трактары. Бацька з дзяцінства за руль садзіў, — падзяліўся хлопец. Пакуль мы размаўлялі з механізатарамі, падышоў аграном ААТ «Блізніца» Пётр Пятровіч Бружас, які расказаў, што ва ўрочышчы пасеяна 12 га кукурузы: па краях поля яна крыху слабейшая, затое ў сярэдзіне ладная.

I каб доўга не замінаць на полі, мы пажадалі механізатарам поспеху і адправіліся паглядзець, як трамбуецца зялёная маса.

Недалёка ад ўрочышча ля МТФ на «Амкадоры» трамбаваў бурт Уладзімір Пракаповіч.

Не больш, чым за тры дні неабходна закласці бурт, каб захаваць якасную зялёную масу. Гапоўнае, каб паветра не засталося ўнутры. Вось Уладзімір Юльянавіч і стараецца ўтрамбаваць добра літаральна кожны сантыметр.

Для яго тэта справа прывычная, у гаспадарцы працуе ён даўно, з 1981 года, работу сваю ведае добра. Бурты ў вопытнага механізатара атрымліваюцца выдатныя, і кукуруза захоўваецца ў іх, не губляючы сваіх каштоўныхякасцей.

Браніслаў Эдуардавіч адзначыў, што ля кожнай малочнатаварнай фермы яны імкнуцца закласці і яму з сенажом, сіласам, і бурцік кукурузы, каб зімой не было праблем з дастаўкай кармоў. Браніслаў Піліпёнак падрабязна расказаў пра тэхналогію закладкі буртоў. Руплівыя гаспадары ААТ «Блізніца» стараюцца, каб у іх рагуль былі вітамінныя кармы, так што кароўкі ўзімку будуць задаволеныя.

Валянціна ШАВЯКА.
Фота Ігара ПАЛЫНСКАГА.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *