В уникальную атмосферу «Славянского базара в Витебске» органично влились полочане

Культура

Валошка… Гэтая прыгожая беларуская кветка, якая звычайна цвіце ў ліпені, з’яўляецца сімвалам міжнароднага песеннага форуму. На эмблеме фестывалю «Славянскі базар ў Віцебску» валошка намалявана ў выглядзе музычнай ноты — менавіта з гэтага значка, графічнай выявы гуку, пачынаецца любы музычны твор…

Колькі іх — вясёлых, задорных і душэўных песень — прагучала на фестывалі! Арганічна ўпісаліся ў агульнае свята весялосці і палачане. Нашы землякі штогод здзіўляюць і радуюць абласны цэнтр цікавымі, насычанымі музычнымі праграмамі. Сёлета на сцэне віцебскай плошчы Свабоды ў адзін з фестывальных дзён Полацкі раённы цэнтр культуры разгарнуў маштабную пляцоўку «Полацк старажытны». Полацкія князь і князёўна са сваёй світай сардэчна віталі гасцей. Канцэртная праграма «Таленты Полаччыны — фестывалю» ў рамках прэзентацыі тэматычных брэндавых пляцовак гарадоў і раёнаў Віцебскай вобласці, у якой прымалі ўдзел лепшыя калектывы Полацка і Полацкага раёна, нікога не пакінула раўнадушным. Тры маладзёжныя пары народнага фальклорнага ансамбля «Галасы спадчыны» Багатырскага СДК прынялі ўдзел у VІІ Адкрытым турніры нацыянальных танцаў. Нашы таленавітыя землякі спаборнічалі з аматарамі побытавых беларускіх танцаў з розных куткоў Віцебскай вобласці. Танцорам Аляксею Жаландзеўскаму і Ірыне Жванскай пашчасціла дайсці да фіналу конкурсу. Віншуем!


Традыцыйна да міжнароднага свята далучылася моладзь. У суботу ў Віцебску праходзіў маладзёжны фэст #YouthDays2020, які ўключаў працу тэматычных пляцовак, шматлікія спартыўныя турніры, марафон здаровага ладу жыцця, патрыятычную акцыю «Беларусь памятае. Памятаем кожнага» і начны парад удзельнікаў рэспубліканскага маладзёжнага цягніка «#Беларусь. Моладзь. На­тхненне». Актывісты Полацкага раённага камітэта ГА «БРСМ» на чале з другім сакратаром Інесай Шухлевай актыўна правялі выхадны ў фестывальным Віцебску, годна прадставіўшы наш горад на тэматычнай пляцоўцы «#Шануй традыцыі» і ўдзелам у шэрагу мерапрыемстваў маладзёжнага фэсту.

Аліна БАЛЬШАКОВА, Полацк-Віцебск-Полацк.