Ураджай у ААТ «Кушлікі» Полацкага раёна сёлета вырас добры

Главное Заботы сельские

Жніво — асаблівая пара. У поўнай меры спазнаць яго атма­сферу можа толькі той, хто з самай раніцы і да позняга вечара працуе на палях, збожжатоках, адчуваючы ўсю сілу хлебнага коласа.

Камбайнеры Юрый Панчанка і Вадзім Храпавіцкі.

Старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч азнаёміўся з ходам уборачнай кампаніі ў ААТ «Кушлікі». Ураджай у гаспадарцы, дзе культура земляробства заўсёды на высокім узроўні, сёлета вырас добры. Праўда, як прызнаецца дырэктар Фёдар Завацкі, нядаўні разгул стыхіі ўсё ж пашкодзіў і кушлікоўскія палеткі, але тут разліч­ваюць убраць хлеб з палёў з мінімальнымі стратамі.

— Радуе ўраджай азімага рапсу. Па гаспадарцы сярэдняя ўраджайнасць 35 ц/га. Добры паказчык — каля 70 ц/га — на асобных участках паказвае і азімая пшаніца гатунку «аўгустына». Галоўнае, каб надвор’е дазволіла нам усё своечасова прыбраць, — адзначае дасведчаны кіраўнік.

Каб атрымаць годны ўра­джай, задзейнічаны ўсе рэзервы. На ўборачнай працуе 16 чалавек — на камбайнах, адвозцы зерня, збожжатаку. Механізатары забяспечаны спецвопраткай, двухразовым бясплатным харчаваннем, вадой.

Хлебаробы працуюць з настроем. Уборачная страда — час узаемадапамогі і працы ва ўзмоцненым рэжыме. У Кушліках ведаюць кошт кожнай хвіліны ў пагодлівы дзень, таму пагаварыць з героямі жніва няпроста: спяшаюцца. Ва ўрочышчы Пойма старшыня райвыканкама Ігар Марковіч сустрэўся з экіпажам камбайнераў у складзе Вадзіма Храпавіцкага і Юрыя Панчанкі.

Адметна, што Вадзім — супрацоўнік Наваполацкага гарадскога аддзела па над­звычайных сітуацыях і свой працоўны адпачынак право­дзіць у гаспадарцы, дапамагаю­чы ўбіраць ураджай. Прызнаецца, што яшчэ з юнацкіх гадоў працаваў летам разам з бацькам-меліяратарам, таму разу­мее важнасць своечасовай дапамогі і надзейнага пляча побач. Кіраўнік Полацкага раёна пажадаў камбайнерам поспехаў у працы, высокіх намалотаў, спрыяльнага надвор’я.

Экіпаж хлебаробаў Вадзіма  Храпавіцкага і Юрыя Панчанкі  на камбайне GS12А1 намалочвае
 ў сярэднім каля 100 цэнтнераў збожжа і з'яўляецца адным  з лідараў раённага вытворчага
 спаборніцтва. 

— Жніво — гэта вынік вялікай працы. Да ўборачнай загадзя грунтоўна падрыхтаваліся. Вядома, складана, калі сельскагаспадарчыя работы ідуць паралельна. Сапраўдны гарачы канвеер! Але мы моц­ная каманда, спраўляемся. Стаўку робім на вопытныя кад­ры, тэхніку і захаванне тэхналогій, — арыентуе на пос­пех Фёдар Завацкі.