Урачыста і радасна павіншавалі ў Полацку працаўнікоў палёў і ферм гаспадарак Полацкага раёна

Главное Заботы сельские

Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу завяршыўся чарговы сельскагаспадарчы год у Полацкім раёне. З нагоды прафесійнага свята аграрыяў, якія добрасумленна працуюць дзеля дабрабыту нашай Полаччыны, у суботу ў Полацкім гарадскім Палацы культуры адбылася цёплая ўрачыстасць.

Шчыра віншаваў працаўнікоў сельскай гаспадаркі старшыня Полацкага райвыканкама, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Шаўчук.
Найбольшы валавы збор збожжа забяспечылі філіял «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі КХП» (дырэктар Аляксандр Калтуноў), ААТ «Кушлікі» (дырэктар Фёдар Завацкі), КУП «Полацк-Мілк» (дырэктар Віталь Кузякоў). Высокіх паказчыкаў па вытворчасці кармоў дасягнулі УП «П-С Карпекі» (дырэктар Мікалай Карасёў), філіял «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга» (в.а. дырэктара Яўген Набебін). У галіне жывёлагадоўлі высокія паказчыкі стабільна ўтрымліваюць філіял «Вясна-­энерга» РУП «Віцебск­энерга», ААТ «Новыя Гараны» (дырэктар Вісарыён Нам) і УП «П-С Карпекі».


Мікалай Шаўчук уручыў заслужаныя ўзнагароды найлепшым аграрыям Полаччыны. Іх нялёгкая праца, адказнае стаўленне і бязмежная адданасць справе адзначаны Ганаровай граматай і Падзякай міністра, юбілейнымі медалямі «100 год органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркай і харчаваннем Беларусі» Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэс­публікі Беларусь, Ганаровымі граматамі і Па­дзякай камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама, Ганаровымі граматамі Полацкага райвыканкама, Падзякамі старшыні Полацкага райвыканкама.


Апладысментамі вітаў зал пераможцаў раённага спаборніцтва сярод сельскагаспадарчых арганізацый, камбайнераў і вадзіцеляў за дасягненне лепшых вынікаў ва ўборцы ўраджаю збожжавых, зернебабовых і алейных культур у 2019 го­дзе. На сцэне таксама віншавалі працаўнікоў, якія дасягнулі поспехаў у земляробстве, вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. З прыўзнятым настроем атрымлівалі заслужаныя ўзнагароды спецыялісты сельскагаспадарчых і перапрацоўчых арганізацый прамысловасці, якія абслугоўваюць сельскагас­падарчую вытворчасць.


Павіншавалі працаўнікоў вёскі першы сакратар Полацкага раённага камітэта ГА «БРСМ» Ганна Сярко і намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Полацкага райвыканкама Вольга Сапун.


Асаблівыя словы ўдзячнасці ветэранам сельскагаспадарчай галіны Полацкага раёна і ўсім працаўнікам вёскі адрасаваў старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Дабраслаўскі. Шчыра вітаў залу старшыня Полацкага аддзялення «Беларус­кага аграпрамысловага саюза», дырэктар ААТ «Новыя Гараны» Вісарыён Нам. Ён адзначыў, што працаўнікі вёскі, забяспечваючы харчовую праграму, абараняюць радзіму. Ад грамадскага аб’яднання Вісарыён Нам уручыў Па­дзякі за высокі ўзровень сацыяльнага партнёрства, значны асабісты ўклад у развіццё АПК Полацкага раёна і ў сувязі са святкаваннем Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК старшыні Полацкага райвыканкама Мікалаю Шаўчуку і яго намесніку, начальніку ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Полацкага райвыканкама Мікалаю Баратынскаму.