Жніво ў Полацкім раёне ў самым разгары (збожжавыя і зернебабовыя ўбраны з плошчы 4659 гектараў, што адпавядае 33,3% выканання плана). Працаўнікі палёў імкнуцца скарыстаць добрае надвор’е, працуюць максімальна сканцэнтравана і робяць усё, каб рэалізаваць сваю галоўную місію — адборным збожжам новага ўраджаю напоўніць засекі краіны.
-Вельмі важна, з якім настроем працуюць у полі камбайнеры і вадзіцелі, занятыя на адвозцы збожжа, ад іх маральнага стану залежыць вынік уборачнай, — упэўнена адзначыла Таццяна Філімонава, старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, якая сустрэлася з удзельнікамі жніва трох гаспадарак Полацкага раёна.
— Вы здабываеце святы прадукт — хлеб, які штодзённа на сталах работнікаў культуры, сродкаў масавай інфармацыі, спартсменаў. Наш галіновы прафсаюз удзячны вам за працу ў полі з ранку да позняга вечара, за забеспячэнне харчовай бяспекі краіны, — з такімі словамі звярнулася госця з Мінска да хлебаробаў Полаччыны.
Разам з намеснікам старшыні Полацкага райвыканкама, начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мікалаем Баратынскім і старшынёй Полацкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Вольгай Захарэнка яны віталі працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў «Блізніца», «Полацк-Мілк» і «Астроўшчына». Восем удзельнікаў жніва атрымалі сувеніры за адказнае стаўленне да сваёй хлебаробскай справы і шчырую любоў да матулі-зямлі. Як напамін аб сустрэчы з прафсаюзнымі лідарамі ў хлебаробаў і кіраўнікоў гаспадарак застануцца кепкі з сімволікай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, уручаныя Вольгай Захарэнка.