Уборачная кампанія на Полаччыне набірае тэмп. Руплівыя аграрыі шчыруюць на палях. Побач з
вопытнымі хлебаробамі ў сельгаспрадпрыемствах працуе і моладзь, якая стараецца не саступаць старэйшым калегам. Усяго ў гаспадарках Полацкага раёна на жніве задзейнічана 14 маладых камбайнераў і 2 кіроўцы.
Традыцыйна сярод маладзёжных уборачных экіпажаў і маладых вадзіцеляў, занятых на адвозцы зерня, арганізаваны спаборніцтвы. Полацкі РК ГА «БРСМ» сочыць за вынікамі. Каб бліжэй пазнаёміцца з руплівымі хлопцамі і расказаць пра праект БРСМ «Сэлфі праца» галоўны спецыяліст камітэта Марыя Лаханава адправілася на палі УП «Гараны-Агра», дзе на жніве задзейнічаны 4 маладых камбайнеры і 1 вадзіцель.
Прыехалі ва ўрочышча Плеханы, дзе ішла ўборка азімай пшаніцы. Тут на КЗС-1218 разам з вопытным калегам Пятром Карклінем працуе Аляксандр Маханёк (на фота). Для хлопца гэта другая ўборачная ў якасці камбайнера. Да гэтага ў гарачую пару жніва малады чалавек адвозіў зерне ад камбайнаў.
— Надвор’е спрыяе, працуем у полі з ранку да позняга вечара. Як сышла раса, ужо малоцім зерне. Працу люблю. Вядома, час жніва — гэта не толькі адказная пара для кожнага працаўніка гаспадаркі, але і магчымасць заробіць, — расказвае Аляксандр.
Камбайнер працуе ва УП «Гараны-Агра» ўжо шэсць год. Разам з жонкай Кацярынай выхоўваюць дачушку Эліну. Таму ўвесь вольны час Саша стараецца праводзіць з сям’ёй. Да таго ж малады камбайнер — натура творчая, любіць граць на сінтэзатары.
Доўга затрымліваць Аляксандра не сталі, бо ў гарачую пару жніва кожная хвіліна на ўліку. Пажадалі поспехаў і выказалі надзею на яшчэ адну сустрэчу, праўда, ужо з нагоды яго перамогі ў спаборніцтве.