У вёскі Багатырская Полацкага раёну разгарнулася разудалае свята «Калядны разгуляй»

Актуальное Общество

Трэці год запар арт-уікэнд «Калядны разгуляй» абуджае в.Багатырская шумнай зімовай весялосцю, і кожны раз здзіўляе сваёй непаўторнасцю.

У гэтым годзе на свята з’ехаліся
10 калядных гуртоў з розных куточкаў Полаччыны, каб паспаборнічаць у майстэрстве калядавання.


Пад словы вядучых: «Жадаем, каб вас у кожнай хаце віталі ды ў мяхі нешта клалі», — усе гурты разышліся ў чатыры бакі да багатырскіх гаспадароў, каб павітаць іх ды пакаляда­ваць на славу. Па вяртанні на галоўную пляцоўку ўсе мяхі былі ўзважаны на вялізных вагах, а каманда-ўладальніца найбольш важкага атрымала прыз. Самымі шчодрымі гаспадарамі аказаліся Л.І.Мядзведзева з супругам, В.У.Мамошына, М.А.Улаховіч, І.У.Крупеніч. Нядзіўна, што ў спаборніц­тве калядных мяшкоў поспех быў на баку мясцовага народнага фальклорнага калектыву «Галасы спадчыны» (кір. Т.С.Стараннік) Багатырскага СДК, які ўжо не першы год калядуе сам і ладзіць Каляды для сваіх аднавяскоўцаў.


А народ весяліўся пад спевы з запалам народнага ансамбля песні «Млын» з г.п.Ветрына. Вядомы фальклорны гурт «Варган» Полацкага дзяржуніверсітэта прадэманстраваў сваё каляднае выступленне на галоўнай сцэне, а таксама прапанаваў жадаючым паўдзельнічаць у народнай гульні. Астатнія гурты праявілі сябе падчас творчага рынгу «Дзівосы на Каляды». Каманда з Завозер’я здзівіла крэатыўнымі санямі ў выглядзе печкі: на іх і пракаціцца можна, і адначасова падсілкавацца. У конкурсе «Калядны гардэроб» перамогу атрымаў гурт творчых работнікаў Сільніцкага СДК. Самай адметнай каляднай маскай вылучыўся Уладзімір Пестун з Начы, які прыехаў у вобразе чорта ды яшчэ і з гармонікам. Прыз глядацкіх сімпатый — у чароўнай козачкі Галіны Шматковай з аг.Захарнічы. Парадавалі гледачоў сваім выступленнем маленькія ўдзельнікі ўзорнага фальклорнага калектыву «Лецейка» Багатырскага СДК.


А яшчэ ўсе дружна частаваліся каляднай кашай, падпявалі мясцоваму ансамблю «Фярцінка». «Калядны разгуляй» атрымаўся на славу!

Кацярына Паўловіч, рэдактар
Полацкага РЦК.