Вайна не скончылася, пакуль не пахаваны апошні яе салдат. Гэтай думкай былі прасякнуты ўсе выступленні падчас урачыстага мітынгу, прысвечанага перапахаванню ў брацкую магілу ў вёсцы Бабынічы Полацкага раёна астанкаў яшчэ аднаго ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны.
Ля брацкай магілы сабраліся вучні мясцовай школы, навучэнцы Полацкага прафесіянальнага ліцэя сельгасвытворчасці, жыхары розных пакаленняў вёскі Бабынічы, ваеннаслужачыя Полацкага пагранатрада, дэлегацыя з пасёлка Ветрына, ганаровы каравул стварылі навучэнцы Полацкага кадэцкага вучылішча, каб разам выканаць адказную і пачэсную місію: аказаць апошнія ўшанаванні і прыдаць роднай зямлі астанкі земляка, малодшага лейтэнанта 237-й стралковай дывізіі І.В.Сапегі, які па-геройску аддаў сваё жыццё ў баі за Варонеж.
Адпаведна са звесткамі, якія знайшлі пошукавыя атрады «Патрыёт» г.Варонежа, атрад г.Віцебска, клуб «РВС» СШ №2 г.Наваполацка, Іосіф Васільевіч Сапега нарадзіўся ў 1914 годзе ў вёсцы Сапегі, што знаходзілася да вайны непадалёку ад Бабыніч. З 1941 года ў складзе Чырвонай Арміі абараняў краіну ад ворагаў. Загінуў у ліпені 1942 года непадалёку ад населенага пункта Ломава Раманскага раёна Варонежскай вобласці. Астанкі знойдзены ў вёсцы Азярцы Ліпецкай вобласці.
Пры садзейнічанні адміністрацыі Варонежскай вобласці і Полацкага райвыканкама астанкі героя даставілі на радзіму. Сімвалічна, што гэтая значная падзея адбылася ў дні святкавання 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У сёлетнім маі мы асабліва востра адчувалі блізкасць брацкіх народаў Беларусі і Расіі.
Удзельнікі клуба «РВС» СШ №2 г.Наваполацка на чале з былым кіраўніком Яўгеніяй Трапезнікавай узяліся за пошукі сваякоў І.В.Сапегі. Даведаліся, што бацьку героя звалі Васілём Васільевічам, братоў — Сцяпанам і Васілём, сястру — Нюрай. У вайну сям’я атрымала даведку, адпаведна з якой Іосіф Васільевіч Сапега знік без вестак. Знайшлі дачку героя, 1936 года нараджэння. Зараз яна жыве ва Украіне, у Калінінградзе жыве брат. Унукі сястры Нюры, якая з вёскі Баярова пераехала жыць у Наваполацк, прыехалі на ўрачыстасць у Бабынічы ў ліку ганаровых гасцей.
Распачаў мітынг старшыня Бабыніцкага сельскага Савета дэпутатаў Васіль Жалнерчык, які распавёў, што да вайны на тэрыторыі Бабыніцкага сельсавета пражывалі 2700 чалавек, 821 з іх — загінулі. У 13 месцах пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, якія знаходзяцца ў розных населеных пунктах сельсавета, знайшлі вечны спакой 696 ахвяр вайны. У гэтай магіле, у вёсцы Бабынічы, пахаваны 27 чалавек. І.В.Сапега будзе 28-м.
Першы намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Сяргей Лейчанка падкрэсліў, што ганаровы абавязак сённяшняга пакалення нашчадкаў Перамогі — дапамагчы героям Вялікай Айчыннай вайны знайсці супакаенне ў роднай зямлі, прадаставіць магчымасць іх сваякам наведваць магілы і на доўгі час захаваць памяць пра мужных прадстаўнікоў старэйшага пакалення.
Пра неабходнасць захавання подзвігу пераможцаў на вякі ў сваіх выступленнях гаварылі намеснік начальніка Полацкага пагранатрада Эдуард Хадановіч, сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ Ліцэя сельгасвытворчасці Маргарыта Ніверчык. Ад імя сваякоў героя Сяргей Агафончык выказаў вялікую ўдзячнасць кіраўніцтву райвыканкама, пошукаваму атраду г.Віцебска, клубу «РВС» г.Наваполацка за дапамогу і садзейнічанне ў перапахаванні астанкаў дзеда на радзіме, за магчымасць прыходзіць на яго магілу.
Пасля хвіліны маўчання ў гонар памяці І.В.Сапегі свяшчэннаслужыцель Полацкай епархіі айцец Аляксандр правёў абрад адпявання, а потым пад жалобную музыку духавога аркестра Полацкага пагранатрада і салют ганаровага каравула ваеннаслужачых труну з астанкамі героя пахавалі побач з брацкай магілай. Ушанаванне памяці героя завяршылася ўскладаннем вянкоў і кветак.
…Гучна спявалі птушкі. Па наваколлі далёка распаўсюджваўся водар бэзу. Мірная бабыніцкая зямля прыняла ў абдымкі свайго сына, які героем вярнуўся дадому больш чым праз 70 гадоў.