У Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці адкрылася выстава народнай творчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Полацкага раённага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур

Культура

У Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці ў межах арт-праекта “Захавальнікі народных раместваў“ адкрылася выстава народнай творчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Полацкага раённага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур.

У экспазіцыі прадстаўлены творы, якія выкананы майстрамі, удзельнікамі і лаўрэатамі шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў у розных тэхніках: ткацтва паясоў; кераміка; выцінанка; вышыўка; вязанне; роспіс па тканіне (маляванка); роспіс па дрэве і кераміцы; шыццё з абрэзкаў тканіны; стварэнне народных лялек; разьба па дрэве.

Тут можна ўбачыць лепшыя работы майстра народных промыслаў Іны Карандзей, кіраўніка народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў ”Майстар“, носьбіта элемента нематэрыяльна-культурнай спадчыны ”Беларускае мастацтва выцінанкі“, Кацярыны Зяленскай, майстра народных промыслаў, носьбіта элемента нематэрыяльна-культурнай спадчыны ”Традыцыйныя вобразы і тэхналогія вырабу гліняных народных цацак Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння“, і іншых удзельнікаў выставы.

Сярод незвычайных экспанатаў – дываны-маляванкі з калекцыі народнага клуба аматараў шыцця з абрэзкаў тканіны ”Рошва“ (кіраўнік клуба Ніна Ярмух), выкананыя па матывах творчасці вядомай мастачкі Алены Кіш. Найцікавейшы экспонат, прадстаўлены майстрамі клуба “Рошва”, – ”Чырвоная кніга Беларусі“, выкананая ў тэхніцы лапікавага шыцця. Гэты праект быў рэалізаваны да 40-годдзя Чырвонай кнігі Беларусі, якое адзначалася ў мінулым годдзе. У кнігу ўвашлі 22 пано, над якімі працавалі не толькі майстры Полацка и Наваполацка, але і Магілёва, Пастаў, Минска.

Па інфармацыі Віцьбічы