У сталовай «Чабор» ААТ «Полацк-гандаль» працягваецца тыдзень беларускай кухні. І гэта не проста смачна, гэта — цікава, пазнавальна і неяк па-свойску, душэўна, як у любімай бабулі…
Дарэчы, у дадзеным аб’екце грамадскага харчавання тэматычныя дні і тыдні арганізуюць час ад часу. Таму, дзякуючы вопыту і прафесіяналізму калектыву, радаваць і здзіўляць гасцей тут умеюць. І атмасферу ствараюць адпаведную. Напрыклад, калі мы завіталі ў «Чабор» у першы дзень «беларускага» тыдня, тут гучалі беларускія песні, святочнасці дадавалі сурвэткі з нацыянальным арнаментам, які прысутнічаў і ў стылізаваных строях работніц. А ў меню былі крупеня і зацірка, боршч «Хатні» з пампушкамі, студзень, мачанка з блінамі, клёцкі «Полацкія», біточкі па-беларуску, салат «Папараць-кветка», лянівікі, драчона… А да кісялю з журавіннага прыпасу — яшчэ і калабкі з разынкамі!
— У гэты тыдзень наша асаблівая ўвага — старажытным беларускім стравам, — тлумачыць загадчык вытворчасці Ірына Тарасевіч. — Ды і ўвогуле мы працуем па беларускіх зборніках, таму нацыянальныя стравы — заўсёды ў меню.
250-300 чалавек штодзень прымае сталовая «Чабор», з 8 гадзін раніцы і да 16.00. Апоўдні, зразумела, тут асабліва людна: на абед прыходзяць супрацоўнікі ўстаноў, студэнты, камандзіровачныя, будаўнікі, што працуюць на ўзвядзенні пажарнай часткі. «І бацькі з дзеткамі — нашы частыя госці», — дадае Ірына Уладзіміраўна.
Стравы на розны густ. І наведвальнікам, якіх бліжэй да абеду ў «Чаборы» заўсёды шмат, вызначыцца было не так проста, бо паспрабаваць хацелася і тое, і гэта, а штосьці з прысмакаў і з сабой прыкупіць.
Невыпадкова яна ганарыцца і калектывам павароў: менавіта іх кулінарнае майстэрства — у аснове такой вялікай папулярнасці сталовай. Наталля Клёнава, Ірына Осіпава, Наталля Лягаева, Таццяна Аверчанка, Алена Дарафеева, Таццяна Клыкоўская — прафесіяналы сваёй справы, у кожнай — свая спецыялізацыя, а з вопытам, як вядома, навыкі пастаянна ўдасканальваюцца.
Фота Надзеі Калужонак