У бібліятэцы СШ №18 імя Еўфрасінні Полацкай адбылося адкрыццё выставы «Новае жыццё старых рамёстваў», якую ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Латвія-Літва-Беларусь» на 2014-2020 гг. пры падтрымцы праекта МТПENI-LLB-1-216 падрыхтаваў калектыў Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я.
Загадчык музея Аксана Козел па-дзякавала адміністрацыі навучальнай установы за магчымасць зладзіць выставу і выказала ўпэўненасць, што знаёмства з унікальнымі экспанатамі для вучняў будзе карысным у плане фарміравання інтэлекту і цікавым з пункту гледжання вывучэння гісторыі шляхам далучэння да культурнай спадчыны краіны.
У экспазіцыі — вырабы з дрэва, посуд, гліняныя цацкі, паясы, адзенне і многае іншае з таго, чым карысталіся нашы продкі. Прадстаўлены таксама прылады, з дапамогай якіх вырабляліся і ўпрыгожваліся побытавыя рэчы.
Да атмасферы даўніны прысутным прапанаваў далучыцца Ціхан Зінкевіч, прадстаўнік фальклорнага гурта «Варган» Полацкага дзяржуніверсітэта. Ён распавёў пра стварэнне і ўстройства калёснай ліры — музычнага інструмента, які быў шырока распаўсюджаны ў Беларусі і Латвіі стагоддзі таму. А таксама выканаў некалькі мелодый.
Падлеткі з імклівага XXI стагоддзя зазірнулі ў гісторыю роднай краіны, адчуўшы сябе яе працягам. А старыя рамёствы, убачаныя і пераасэнсаваныя імі, быццам набылі новае жыццё, каб доўжыцца ў памяці новых пакаленняў.
Асноўная мэта прадстаўленай экспазіцыі — захаванне і папулярызацыя традыцыйнай рамеснай спадчыны Беларусі і Латвіі. Нашы краіны аб’ядноўвае не толькі Заходняя Дзвіна–Даўгава, але і агульная гістарычная памяць, традыцыі і культура.
Фота Алены КАЛЕНІК.