У Полацку прэзентавалі факсімільнае выданне «Кніжная спадчына Францыска Скарыны»

Главное

Немагчыма пераацаніць унёсак, зроблены нашым славутым земляком, беларускім і ўсходнеславянскім перша­друкаром, асветнікам-гуманістам, пісьменнікам, грамадскім дзеячам і вучоным Францыскам Скарынай. Яго імем называюцца вуліца і праспект у Полацку, Полацкая дзяржаўная гімназія №1, плошча, усталяваны помнік. Таму невыпадкова кніжнае свята, пра якое павядзецца размова, прайшло менавіта ў Полацку, з якім непарушна звязана імя Скарыны.

…Па ініцыятыве Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі пачаў ажыццяўляцца выпуск дваццацітомнага выдання кніжнай спадчыны Францыска Скарыны. На жаль, да нашых дзён захавалася толькі частка яго прац, якія карпатліва збіраліся па ўсім свеце. І ў лістападзе ў канцэртнай зале Полацкага калегіўма прайшлі прэзентацыя і ўрачыстая цырымонія перадачы першых пяці тамоў факсімільнага выдання «Кніжная спадчына Францыска Скарыны». Шэдэўры сусветнага значэння перададзены ў зборы Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і бібліятэк усіх раёнаў Віцебшчыны.

Распавядаючы пра выданне, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, доктар педагагічных навук Раман Матульскі адзначыў яго важнасць: «Праект узнік, каб прадэманст­раваць тыя каштоўнасці, якімі жылі нашы продкі 500 гадоў таму назад». Ён зазначыў, што прэзентацыя першых тамоў кніжна спадчыны Францыска Скарыны ў Полацку заканамерная і справядлівая. Па словах Рамана Сцяпанавіча, штогод плануецца выдаваць па пяць тамоў, такім чынам у 2017 годзе з’явяцца ўсе 20 кніг з серыі. Фінансаванне праекта ажыццяўляецца з дапамогай банка «БелВЭБ».

Першыя экземпляры з рук Рамана Сцяпанавіча атрымаў прарэктар па навучальнай працы Полацкага дзяржуніверсітэта, доктар гістарычных навук, дацэнт Дзяніс Дук. «Францыск Скарына — той чалавек, які фактычна праславіў Полацк у няпростыя часы яго гісторыі, — выказаў меркаванне Дзяніс Уладзіміравіч. — Тут ён атрымаў і пачатковую адукацыю ў бернардынскім кляштары, што дазволіла яму адчыніць дзверы ў вядомыя ўніверсітэты Еўропы, атрымаць доктарскія ступені. І праз усё жыццё Скарына пранёс памяць пра свой родны горад, ён пісаў пра гэта ў сваіх прамовах».

Дзяніс Дук назваў падзею знакавай для ўніверсітэта і выказаў радасць з нагоды таго, што навукоўцы і студэнты змогуць далучыцца да кніжнай спадчыны Францыска Скарыны ў бібліятэцы Полацкага калегіўма — старэйшага адукацыйнага будынку. Ён падзякаваў арганізатарам выдання, спонсарам і партнёрам за тое, што прэзентацыя пачалася з Полацка.

Кнігі ў той вечар атрымалі таксама прадстаўнікі Віцебскай абласной і ўсіх раённых цэнтральных бібліятэчных сістэм Віцебшчыны, у тым ліку і дырэктар Полацкай РЦБС Ганна Іванаўна Бурнасенка. А скончылася вечарына сустрэчай бібліятэкараў Віцебшчыны, якія абмеркавалі на­дзённыя прафесійныя пытанні.

Ігар ПАЛЫНСКІ (тэкст і фота).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *