У Полацку прайшоў Яблычны Спас (+ фота)

Главное

У мінулы аўторак у Полацку шырока адзначаўся Яблычны Спас, які падарыў удзельнікам фэсту і шматлікім гасцям цудоўны настрой і зарадзіў бадзёрасцю на ўвесь год. Да гэтага свята, якое ў народзе называюць яшчэ Ператварэнне Гасподняе, актыўна рыхтаваліся, у першую чаргу, садаводы. Па народным звычаі ў гэты дзень неабходна асвячаць плады новага ўраджаю, таму многія палачане, прышоўшы ў Свята-Пакроўскую царкву, звярнуліся ў малітве да Бога з удзячнасцю за новы ўраджай і дачакаліся чыну асвячэння яблык і агародніны.

А потым свяшчэннаслужыцелі Полацкай епархіі акрапілі святой вадой яблычны ўраджай 2014 года, прывезены з усіх сельсаветаў Полацкага раёна, і шматлікіх аматараў яблыкаў.

Пляцоўка ля Свята-Пакроўскай царквы ажыла, загула дзіцячымі і дарослымі галасамі, упрыгожылася яблычнымі кампазіцыямі. На сёлетнім Яблычным Спасе ў Полацку была рэалізавана рэкордная колькасць праектаў — дзесяць!

І Малінаўка, і Белы наліў…

Якіх толькі яблык, груш, вінаграду і агародніны не было на свяце! З прыгожых кошыкаў выглядвалі чырвонашчокія і зялёныя плады — Малінаўка, Белы наліў, Антонаўка, Ананас… Хоць сёлетні жнівень не вельмі багаты на яблыкі (як вядома, багаты ўраджай бывае праз год), старшыні сельвыканкамаў — удзельнікі праекта «Праваслаўны» — прадставілі гэты папулярны фрукт ва ўсёй красе.

Цудоўныя плады — буйныя, нібы налітыя сонейкам, вырасціла садавод Галіна Гурчонак з Азінскага сельсавета. Пірагі з яблыкамі прывезлі на свята прадстаўнікі Экіманскага сельсавета: сапраўды кулінарным талентам валодае іх зямлячка Раіса Мікулёнак! Мы падзівіліся на Малінаўку і Белы наліў з Вароніч, пакаштавалі вінаград і алычу, вырашчаныя жыхарамі Ветрынскага сельсавета Аляксеем Лупачам, Нінай Талапіла і Святланай Ташкінавай. Астроўшчына парадавала яблыкамі і слівамі, прывезенымі з саду ДП «Астроўшчына», і вырашчанымі садаводамі Станіславам Гільнічам і Валянцінай Васілеўскай. З творчым падыходам падышлі да афармлення стала з ураджаем-2014 супрацоўнікі культуры Гомельскага сельсавета. Ірына Грышчанка зрабіла прыгожага вусеня з яблык, а Людміла Пашкевіч спляла для фруктаў прыгожыя кошыкі. Апетытна выглядалі печаныя яблыкі з мёдам, прывезеныя Надзеяй Бегановіч з Баравухі. Салодкі і смачны быў яблычны сок Вольгі Багдановіч (надакучлівыя восы кружылі каля збанка з напоем), прывезены з самага далёкага па адлегласці ад Полацка — Маласітнянскага сельсавета. Як заў­сёды, здзівілі і парадавалі фарынаўцы. Старшыня сельвыканкама Міхаіл Шульга прывёз самыя вялікія таматы — напэўна, адзін вагой 200 грамаў, а то і болей! Ён жа напёк яблыкаў з мёдам. А Таіса Бундовіч упрыгожыла іх стол алычой. Яблыкі для асвячэння перадалі фарынаўскія садаводы А.А.Ігнацьеў, Л.Ф.Гвоздзева, Н.Ю.Дзевятава, М.Г.Юрчанка. З густам да афармлення яблычных сталоў падышлі Экіманскі, Палатоўскі, Ветрынскі, Азінскі, Гаранскі сельвыканкамы. Кожны імкнуўся адшукаць сваю «разынку», якая весяліла гасцей свята. Напрыклад, Палатоўскі сельвыканкам прывёз ляльку па росту амаль з чалавека! Вопытныя садаводы шчодра дзяліліся вопытам: давалі карысныя парады па вырошчванні яблынь, дзяліліся рэцэптамі блюд з яблыкаў.

Матылькі, прызнанні…

Упершыню на свяце рэалізоўваўся творчы праект «Appleart», які прыцягваў увагу. З яблык розных памераў і колераў навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і вучні школ стваралі яблычныя пано і цікавыя фігуркі. Бачылі б вы творчую працу навучэнцаў аграрна-эканамічнага каледжа ці вучняў СШ №1! Моладзь горада падышла да рэалізацыі праекта з мастацкім густам і творчай фантазіяй. А ўсім, хто чытаў яблычныя надпісы — прызнанні ў любові роднаму Полацку, ці ўбачыў вялікае яблычнае сэрца — станавілася радасна на душы: у старажытным горадзе жывуць сапраўдныя патрыёты роднага краю!

Усе жадаючыя дарослыя і дзеці маглі навучыцца выразаць папяровыя кампазіцыі, у якіх галоўным героем быў яблык. Майстры Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур Полацкага раёна прапаноўвалі паўдзельнічаць у майстар-класах.

Полацкія перапрацоўчыя прадпрыемствы — вінаробчы завод, райпо, хлебазавод, філіял «Віцьба» — прынялі ўдзел у праекце «Яблычнае раздолле». Яны правялі для гасцей дэгустацыю прадукцыі і прапаноўвалі набыць свежыя яблыкі і хлебабулачныя вырабы.

Што ў яблычным рэцэпце?

Падчас свята складалася вялікая кулінарная кніга яблычных рэцэптаў. Усе жадаючыя маглі падзяліцца сваім сакрэтам прыгатавання пірага «Шарлотка» ці печаных яблыкаў з мёдам, ці суфле. Работнікі Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы ўзяліся за сістэматызацыю сабраных рэцэптаў і да наступнага такога свята намераны выпусціць вялікую кнігу для шматлікіх чытачоў бібліятэк. Акрамя гэтага, яны дзяліліся рэцэптамі прыгатавання блюд ці касметычных масак з фруктаў і садавіны, якія сабралі раней. За атрыманыя памяткі з карыснымі парадамі (як прыгатаваць суфле з яблык у мультыварцы ці яблычна-маркоўную маску для скуры) наведвальнікі свята былі вельмі ўдзячныя.

Прыз — яблычак

У спаборніцтвах на атрыманне ў якасці прыза яблычкаў прынялі ўдзел і моладзь, і пажылыя палачане. Паспрабаваць сілы ў дартсе згадзілася нават 86-гадовая бабуля! Удзельнікі жартоўных конкурсаў елі яблыкі на хуткасць, імкнуліся выразаць самую доўгую яблычную лупіну. Усім было цікава, весела!

Цэнтр дзяцей і моладзі арганізаваў для дзяцей — наведвальнікаў прышкольных лагераў — забаўляльную праграму з рухавымі гульнямі. У Парку культуры і адпачынку рэалізоўваўся фотапраект «Яблыка ад яблыні…». Самыя цікаўныя палачане далучыліся да праекта «Яблык і мастацтва». Яны даведаліся пра мастацкія творы, у якіх узгадваецца пра яблыкі. Многія з палачан дзівіліся на рэпрадукцыі карцін вядомага мастака Івана Хруцкага, змешчаныя ў кніжках, якія прынеслі на свята работнікі культуры.

Вучымся і выхоўваем

Старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук, які завітаў на свята, адзначыў, што падчас такіх мерапрыемстваў работнікі прадпрыемстваў вучацца рэкламаваць сваю прадукцыю, творчыя людзі сустракаюцца разам, дзеляцца сваімі поспехамі і дасягненнямі, дзеці, гледзячы на дарослых, вучацца адзначаць святы па народных звычаях. «Сёлетні Яблычны Спас праходзіць у прыгожым месцы Полацка, на пляцоўцы ля Свята-Пакроўскай царквы. Усе палачане і госці — у добрым, нават узвышаным, настроі. Дзеці прыйшлі сюды паўдзельнічаць у гульнях, адначасова убачылі, як асвячаўся фруктовы ўраджай новага года. Гэта ж і ёсць духоўвае выхаванне падрастаючага пакалення!» — разважаў кіраўнік раённай адміністрацыі.

Яблык… Гэты фрукт сапраўды заслугоўвае свайго свята. Напэўна, не зной­дзецца чалавека, які не любіць ім пачаставацца… Калісьці Ева не паслухалася Адама і з’ела забаронены менавіта яблык… Яблыкам прысвячалі свае творы паэты і кампазітары. Адна з першых у нашым жыцці прыпеўка — пра яблычак на талерцы, былі папулярнымі песні пра яблыкі на снезе, пра яблыні ў квецені, пра тое, як расцвіталі яблыні і грушы… Нашы продкі заўсёды ўрачыста адзначалі Яблычны Спас, дзякуй Богу — у Полацку адраджаецца гэта прыгожая і вельмі добрая традыцыя!

Аліна БАЛЬШАКОВА.
Фота Андрэя МАРЦЫНКЕВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *