У Полацку прайшоў Фэст сярэднявечнай культуры «Рубон-2014» (+ фота)

Главное

Рубон. Менавіта так у старажытнасці называлася сакральная рака палачан — Заходняя Дзвіна. Пад гэтай назвай у пяты, юбілейны, раз напярэдадні 1152-га дня нараджэння Полацка прайшоў Фэст сярэднявечнай культуры.

Дзень першы

…Прыхільнікі свята здзіўляліся: няўжо сёлетні «Рубон» — упершыню за яго гісторыю — абыдзецца зусім без даж­джу? На гэты раз надвор’е радавала: усе тры фестывальныя дні сонца не скупілася на яскравыя промні. Можа, паспрыяла атмасфера Года гасціннасці?..

Фэст сабраў вялікую колькасць гледачоў — жыхароў і гасцей Полаччыны, музыкаў, ваяроў-рэканструктараў, рамеснікаў з усёй Беларусі і суседніх краін. Сёлета ён прайшоў на Верхнім замку, ля сцен Сафійскага сабора. Гэта месца наўпрост дыхае гісторыяй, і лагічна, што фэст сярэднявечнай культуры праходзіць менавіта там. Так лічаць і арганізатары фэсту, і ўдзельнікі, і гледачы.

Адкрыўся «Рубон» жывой музыкай у выкананні гуртоў «Spiritual Seasons» (Украіна), «Стары Ольса» (Беларусь) і «Auli» (Латвія). Гасцей фэсту вітаў першы намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Сяргей Лейчанка: «Думаю, фестываль падорыць кожнаму нямала запамінальных хвілін!».

На адкрыцці свята калектыў народнага тэатра гістарычнага строю «Полацкі зьвяз» зладзіў сапраўднае фаер-шоў, а яскравы салют падкрэсліў урачыстасць падзеі.

Дзень другі. Горад майстроў

…Горад майстроў разгарнуўся на Верхнім замку. Кавалі, ганчары, ткачы, разьбяры і іншыя рамеснікі прыехалі з розных куткоў Беларусі, Расіі, Латвіі (якія, дарэчы, прадэманстравалі незвычайны від майстэрства — вязанне на граблях). Можна было набыць унікальныя прадметы ручной работы, паўдзельнічаць у майстар-класах.

Навапалачанка Жана Пракалушчанка, якая раней працавала настаўнікам чарчэння і выяўленчага мастацтва, а зараз на пенсіі, ужо амаль трыццаць год займаецца саломапляценнем. «Гэты занятак прыцягвае настолькі, што з часам, натуральна, не можаш пражыць без яго!» — прызналася яна. Майстрыха ўдзельнічае ў разнастайных фестывалях. На «Рубоне-2014» Жана Мікалаеўна дэманстравала прыгожыя саламяныя кветкі.

Марына Семашчук прыехала з Мінску. На яе століку — разнастайныя скураныя вырабы. «Усё пачалося з таго, што ў мяне з’явіўся конь, і мне захацелася яго прыгожа апрануць, — распавяла яна. — Вучылася ўсяму сама, і гэта так захапіла, што пачала рабіць сумкі, рамяні і шмат чаго іншага». Ужо больш за дзесяць год Марына Ігараўна працуе са скурай. На «Рубоне» яна ўжо другі раз.

Тэатралізаваны конны турнір правёў клуб «Чорны война» з Наваполацка. На адмысловай пляцоўцы сваё майстэрства паказалі лучнікі, а пераможцам турніру лучнікаў стаў мінскі клуб «Bow’s Club».

На дзіцячай пляцоўцы, арганізацыяй якой займаўся «Полацкі зьвяз», знаходзіліся разнастайныя атракцыёны (іх дапамог рабіць калектыў СШ №8). Можна было пазнаёміцца з рэканструяванымі на падставе этнаграфічнага і археалагічнага матэрыялу цацкамі.

Рыцарства

Варта зазначыць, што ў гэтым годзе праходзіў спецыяльны адбор удзельнікаў-рыцараў паводле касцюмаў. Ваяры прадставілі свае клубы ў пачатку святочнага дня. Сёлета ў Полацк прыехалі прадстаўнікі болей трох дзясяткаў клубаў гістарычнай рэканструкцыі і асобныя рыцары з Беларусі, Расіі і Латвіі — каля 250 чалавек! У гэтым «Рубоне» ўдзельнікі фэсту былі падзелены на тры лагеры — ранятны, літоўскі і нямецкі.

Ваяры прымалі ўдзел у разнастайных турнірах. Гэта турніры эпохі позняга сярэднявечча (пераможца — мінскі рыцар Пан Ярамір), «Ратна кола» — спаборніцтвы рыцараў ранняга сярэднявечча (пераможца Стас Чабаненка, віцебскі клуб «Варгенторн») і бугурты, дзе групы ваяроў змагаліся паміж сабой. У бугуртах 5х5 перамог клуб «Люцэрн» (Мінск). Рыцары паказалі сапраўдную мужнасць — змагацца ў трыццаціградусную спёку ў даспехах, якія важаць дзясяткі кілаграмаў, зусім не проста.

Бліжэй да вечара гледачы сталі збірацца на беразе Заходняй Дзвіны, дзе стаяў драўляны замак. Дарэчы, ён быў пабудаваны з дапамогай Полацкага ляснога каледжа. Тэатралізаваны штурм замка эпохі ранняга сярэднявечча, які прайшоў у межах праекта трансгранічнага супрацоўніцтва Латвіі, Літвы і Беларусі «Музейныя вароты», уразіў усіх. Дзятва крычала: «Рыцары, не здавайцеся!», дарослыя здзіўлена ацэньвалі ­зброю ваяроў: сапраўдная! «Жыхары» замка трымаліся да апошняга, і ім удалося прагнаць «чужынцаў». Аднак «князь» загінуў, і гледачы маглі пабачыць старажытны язычніцкі абрад пахавання — «трызну», які ажыццяўляўся ў выглядзе ваеннай гульні ці спаборніцтва. Яго паказалі рыцары разам з фальклорным гуртом «Варган» Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Скончыўся другі дзень вялікім канцэртам гурта «Pawa», які акрэслівае свой стыль як «этнатэка» — дыскатэка на фальк­лорнай аснове, якая спалучае традыцыі еўрапейскага сярэднявечча і сучасныя аранжыроўкі. І маленькія дзеткі, і шаноўнага ўзросту людзі не маглі ўтрымацца і пускаліся ў пляс!

Дзень трэці

пачаўся з канцэрта мінскага гурта «Літы Талер» і тэатралізаванага штурма замка ў эпоху позняга сярэднявечча. Імпрэза, заснаваная на гісторыі князя Андрэя Полацкага, была не меней відовішчнай, чым першы штурм! Украінскі гурт «Spiritual Seasons» завяршыў музычную складанку сёлетняга «Рубона», парадаваўшы прысутных ірландскімі і скандынаўскімі традыцыйнымі песнямі. А пасля арганізатары ўзнагароджвалі пераможцаў і ўдзельнікаў свята.

Палачане і госці горада былі ў захапленні ад фэсту. Усе, з кім мы пазнаёміліся падчас «Рубона», лічуць фестываль найлепшай у Беларусі магчымасцю пазнаёміцца з традыцыямі рыцарства і адчуць подых сярэднявечнай культуры. А Полацк — найстаражытнейшы беларускі горад — лепшы горад для правядзення такога фэсту, перакананы ўдзельнікі і гледачы «Рубона».

Аўтар і ідэйны натхняльнік фестывалю, галоўны рэжысёр «Рубона», удзельнік народнага тэатра гістарычнага строю «Полацкі зьвяз» Яўгенія Кавалёва, якая ў 2008 годзе ініцыявала правядзенне гэтага фэсту, адзначае: «Нягледзячы ні на якія праблемы, фестываль прайшоў на высокім узроўні. Хочацца сказаць вялікі дзякуй кожнаму, хто меў дачыненне да арганізацыі і правядзення сёлетняга фэсту — Полацкаму райвыканкаму, прадпрыемствам, арганізацыям, службам… Разам з усімі партнёрамі мы рабілі магчымае і немагчымае, каб «Рубон-2014» адбыўся».

…«У падзеях мінулага — нашы карані. А дрэва без каранёў не можа існаваць», — казаў славуты беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч. Знаёмячыся з удзельнікамі фестывалю, радуешся, што ёсць на Полаччыне і ва ўсёй Беларусі гэтыя маладыя хлопцы і дзяўчаты, якія сваімі намаганнямі робяць сапраўднае відовішчнае шоў для прысутных, тым самым не даючы забыць­ гэтыя карані. Верыцца, што фэст сярэднявечнай культуры «Рубон» і надалей будзе адной з лепшых традыцый нашага старажытнага горада.

На «Рубоне» для вас працавалі Ігар і Дар’я ПАЛЫНСКІЯ (тэкст, фота) і Андрэй МАРЦЫНКЕВІЧ (фота).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *