У Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку адбылося адкрыццё выставы мастака Навукова-тэхнічнага цэнтра Рэспублікі Беларусь Галіны Валер’еўны Горавай «Касмічнае падарожжа».
…Космас — гэта нязведаная тэрыторыя бясконцай пустэчы. Адкуль ён, дзе бярэ пачатак? Ніхто не ведае адказаў на гэтыя пытанні.
Неба глядзіць на нас мірыядамі зорак. А мы, у сваю чаргу, ўглядаемся ў нябесную далеч. Сусвет, які даступны сучасным назіранням, багаты на незвычайную відовішчную прыгажосць. Нябесныя рухі, скапленні газу і пылу, магутныя плыні касмічнай матэрыі, прасякнутыя святлом, ствараюць ва ўсіх яго кутках дзівосныя перспектывы, падобныя да міражоў. На думку мастачкі Галіны Горавай, на сённяшні момант менавіта мастацкая канструкцыя дае найбольш паўнавартасную магчымасць дакрануцца да прыгажосці космасу.
Выстава «Касмічнае падарожжа» — гэта спосаб візуальнага асваення касмічнай прасторы. Аўтарская маляўнічая серыя карцін «Світанак уСонечнай Сістэме» узбагачана інфармацыйна-пазнавальным матэрыялам. Гэта спроба своеасаблівага падарожжа па планетах зорнай сістэмы.
Галіна Горава закранула тэму, якая ўжо неаднаразова гучала на выставах, прысвечаных работам Язэпа Драздовіча. Вось ужо некалькі гадоў яна займаецца вывучэннем творчасці гэтага ўнікальнага беларускага мастака, пісьменніка і этнографа. Аб асваенні касмічнай прасторы ўжо даўно марылі мысліцелі і пісьменнікі-фантасты розных эпох. Я.Н.Драздовіч унёс неад’емны ўклад у развіццё і фарміраванне касмізму. Ён першым у беларускім мастацтве стварыў яркую і цэласную карціну Сусвету.
Выстава адкрылася партрэтам Язэпа Драздовіча, дзе Галіна Горава прадставіла яго не толькі як мастака, але і як аўтара манаграфіі па касмалогіі і астраноміі. У руках у яго — карты ўзаемнага вярчэння Марса і Зямлі. Язэп Драздовіч лічыў, што да таго, як гэтыя дзве планеты сталі на арбіту Сонечнай Сістэмы, яны луналі ў прасторы і круціліся адна вакол адной.
Далей размяшчаліся фантастычныя пейзажы Месяца, «ледзянога гіганта» Нептуна, Меркурыя — самай блізкай да Сонца планеты, Сатурна і Венеры, схемы руху нябесных целаў, Млечны шлях, падобны на паласу, прысмужаную шэрым попелам агню… Месяцавы горад Трывеж — гэта цудоўны міф, створаны Язэпам Драздовічам на аснове яго ўласных «самнамбулістычных касмавізій». Згодна з імі, натуральны спадарожнік Зямлі Месяц належыць старажытнай цывілізацыі лунідаў, якія будуюць свае гарады і камунікацыі на яго складаным рэльефе. Мастак намаляваў падрабязны план Трывежа, аднаго з месяцавых гарадоў, і напісаў карціну з яго вежамі. Праект Г.В.Горавай, у сваю чаргу, уяўляе шырокую панараму Трывежа і яго ваколіц, якая створана ў адпаведнасці з карцінай Язэпа Драздовіча.
Наведвальнікі выставы маюць магчымасць да 24 жніўня пазнаёміцца з творчасцю Галіны Горавай, прыадчыніўшы тым самым таямніцы касмічнага жыцця.
…Неба захоўвае свае непазнаныя таямніцы, быццам у імкненні быць вечнай загадкай. Космас — гэта тэатр пастаяннага і бесперапыннага дзеяння, у якім інтрыгі сюжэту не менш захапляльныя, чым любыя падзеі на Зямлі. Ну, а карціны зорнага неба ў малюнках жывапісцаў даруюць нам магчымасць стаць на крок бліжэй да зорак.
Ганна ГАМОРЫНА (тэкст і фота).