У Полацкім раённым цэнт­ры рамёстваў і нацыянальных культур падвялі вынікі выставы «Зімовая казка»

Главное

Сняжынка на далоні… Хто з нас не спрабаваў разгледзець гэты прыродны цуд? Ды толькі вытанчаны шэдэўр знікае, пераўтварыўшыся ў ваду за лічаныя імгненні… А вось юныя палачане паспрабавалі ўвасобіць непаўторную марозную прыгажосць, узяўшы ніткі і кручкі, нажніцы і паперу.

У Полацкім раённым цэнт­ры рамёстваў і нацыянальных культур адбылося падвядзенне вынікаў выставы «Зімовая казка», на якой былі прадстаўлены вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, створаныя выхаванцамі двух педагогаў — Кацярыны Дзмітрыевай (выцінанка, гурток «Свет фантазіі», ПДГ №1) і Веры Лухверчык (карункі, школа юных рукадзельніц «Васіліна», Раённы цэнтр дзяцей і моладзі).

Вера Паўлаўна зазначыла, что на выставе прадстаўлены пераважна работы дзяўчат, якія займаюцца карункапляценнем не першы год, а таксама яе творы. Гэта своеасаблівая рэклама таго, чаму можна навучыцца, калі мець жаданне і цярплівасць. Дарэчы, рукадзеллем у яе займаюцца пакаленнямі — колішнія выхаванкі прыводзяць ужо сваіх дачок.

Кацярына Іванаўна, расказваючы пра прадстаўленыя творы, звярнула ўвагу на тое, што кожны з іх — унікальны. Выхаванцы гуртка самі прыдумваюць іх і самі ўвасабляюць фантазію, з дапамогай нажніц або нажа выразаючы з паперы карункавы цуд.

Дарэчы, мала хто з палачан і гасцей горада не спыняў рух, праходзячы міма будынка ПДГ №1, кожнае з вокнаў якой з дапамогай папяровай пластыкі пераўтворана ў сапраўдны шэдэўр. Гэта таксама плён працы гурткоўцаў і іх кіраўніка. Не засталася творчая праца па-за ўвагай і за межамі Полацка — удзельнікі рэспубліканскага семінара, якія пабывалі ў гімназіі, былі ўражаны незвычайнай прыгажосцю.

Звяртаючыся да прысутных, малодшы навуковы супрацоўнік Полацкага раённага цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур Вольга Сіняўская расказала пра гісторыю выцінанкі і карункапляцення, пра вытокі гэтага прыгожага майстэрства.

Юныя выхаванцы пад кіраўніцтвам таленавітых педагогаў здолелі дасягнуць значных поспехаў — творы гуртка «Свет фантазіі» не аднойчы станавіліся пераможцамі Рэспубліканскай выставы «Калядная зорка». А карункі школы юных рукадзельніц «Васіліна» таксама перамагалі на рэспубліканскіх выставах і ў фестывалі дзіцячай творчасці «Здравствуй, мир»!

Але самое галоўнае, напэўна, тое, што дзесяткі дзяцей далучаюцца да свету творчасці і прыгажосці, захоўваючы і адраджаючы традыцыі нацыянальнай культуры.

Юныя рукадзельніцы таксама бралі слова, каб падзякаваць сваіх настаўніц за навуку, цярплівасць і педагагічны талент. А М.Я.Ярмаш, хвалюючыся, распавяла, як калісьці прывяла на заняткі сваіх дачок, а зараз надышла чарга ўнучкі, якая таксама з задавальненнем займаецца ў школе рукадзельніц «Васіліна» ў цудоўнага педагога В.П.Лухверчык.

У завяршэнні мерапрыем­ства намеснік дырэктара Раённага цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур Наталля Чымірыкіна ўручыла В.П.Лухверчык, К.І.Дзмітрыевай і А.М.Сапега (аплікацыя саломкай, Раённы цэнтр дзяцей і моладзі) ад імя адміністрацыі ўстановы культуры Падзякі — за папулярызацыю традыцыйных беларускіх нацыянальных рамёстваў і адданасць справе.

…Хутка скончыцца зіма. У мінулым застануцца марозы і завеі. Застанецца карункавы цуд, створаны ўмелымі рукамі юных майстрых, якія засвоілі навуку прыгажосці дзякуючы сваім настаўніцам, якія не только ўмеюць ствараць цуды самі, але і шчодра дзеляцца талентам.

Алена КАЛЕНІК (тэкст і фота).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *