Адкрыла мерапрыемства цікавая імпрэза, прымеркаванае да 220-годдзя з дня нараджэнння А.С.Пушкіна «В Лукоморье держим путь». Разам з Катом вучоным і іншымі героямі пушкінскіх казак вучні з гімназіі №1 імя Ф.Скарыны ўдзельнічалі ў тэматычных конкурсах, віктарынах, забаўляльных гульнях.
У падарожжа па кнігах А.Савіцкага, якому ў гэтым годзе споўнілася б 95 год, адправіліся другаклашкі з СШ №10 імя У.М.Азіна.
У ходзе свята па выніках 2018 года віншаванні і ўзнагароды прымалі лепшыя чытальнікі дзіцячай бібліятэкі. «Па нашых фармулярах мы вызначаем дзяцей, якія часцей за іншых наведваюць бібліятэку, больш за ўсіх праяўляюць інтарэс да літаратуры і чытаюць кнігі не толькі па школьнай праграме», — растлумачыла загадчык філіяла Зінаіда Гуменік.
Да Тыдня дзіцячай кнігі ў бібліятэцы таксама аформлена выстава «У казку запрашае мастак». На ёй прадстаўлены работы сучасных аўтараў – ілюстратараў сваіх кніг.
Праграма Тыдня ў бібліятэцы Л.М.Талстога наогул абяцае быць насычанай. Юных наведвальнікаў чакаюць шматлікія інтэрактыўныя заняткі, тэатралізаваныя прадстаўленні, экскурсіі і г.д., падрыхтаваныя супрацоўнікамі чытальні.
Пяцікласнік Дзіма Шмаканаў з СШ №1 умее чытаць з 4-х год, і яму вельмі падабаецца наведваць дзіцячую бібліятэку: «Тут вялікі выбар цікавых кніг, — сказаў хлопчык. – Часцей за ўсё выбіраю навуковую літаратуру — хачу шмат ведаць і ў будучыні стаць праграмістам. Таксама бяру казкі, каб пачытаць іх сваёй малодшай сястрычцы Дашы ці павучыць яе. Вельмі рады, што стаў лепшым чытальнікам».
У Максіма Качанава з 3-га класа СШ №10 імя У.М.Азіна чытае ўся сям’я: «Мне падабаецца прыходзіць у бібіліятэку, але не чакаў, што стану лепшым чытальнікам, — прызнаўся Максім. – Больш за ўсіх мне падабаецца Носаў, яго гісторыі пра дзяцей, якія робяць добрыя справы». «У нас і дома шмат кніг, пакупалі іх калісьці для старэйшага сына, які вельмі любіць чытаць, — дадае маці Аксана. — Зараз малодшы крочыць па яго стапах. Лічу, што чытаць – гэта сучасна і вельмі карысна, усебакова развівае». «Наша мама сама чытае шмат кніг, і тата таксама, бывае», — раскрыў сакрэт Максім. Цяпер зразумела, адкуль такая цяга да чытання.