У Полацку прайшла VIII Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі»

Год исторической памяти

У Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку адбылася VIII Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі».

Як адзначыла дырэктар НПГКМЗ Марына Чарнышова ў звароце да ўдзельнікаў, сёлетняя канферэнцыя прысвечана 1160-годдзю Полацка і, што сімвалічна, адбываецца ў Год гістарычнай памяці. Спадчына полацкай зямлі патрабуе глыбокага і шматграннага вывучэння. Таму тэматыка канферэнцыі ахоплівае пытанні гісторыі, археалогіі, культуры, мастацтва і іншыя актуальныя аспекты.


А вось як усё пачыналася, расказаў Сяргей Тарасаў, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Інстытута прадпрымальніцтва і парламентарызму, ­адзін з ідэйных натхняльнікаў першай канферэнцыі, якая прайшла ў 1987 годзе і была прысвечана 1125-годдзю Полацка. Тады адбыліся першыя адкрыцці, дыскусіі і сустрэчы, якія паклалі пачатак наступным форумам. «Лічу істотнай якасцю нашай канферэнцыі, — падкрэс­ліў Сяргей Тарасаў, — тое, што яна праходзіць раз на 5 гадоў. Па археалагічнаму вопыту ведаю, што не заўсёды за год набіраецца столькі адпаведнага матэрыя­лу, колькі паспя­ваеш усвядоміць. А за пяць гэта магчыма, і таму можна падзяліцца канкрэтнымі знаходкамі».


Дарэчы, Сяргей Васілье­віч нават прапанаваў зацікаўленым студэнтам ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай даследаваць міжнародную значнасць канферэнцый. Напрыклад, падлі­чыць колькасць удзельнікаў, накірункі выступленняў, тэмы і іншае, што можа стаць добрай тэмай для курсавой работы і нават для дыпломнай. На сёлетняй канферэнцыі выступілі больш за 40 удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Латвіі, Польшчы, Венгрыі.
У рамках пленарнага пасяджэння зноў была ўзнята нязменная для Полацка праб­лема: калі і хто будаваў Полацкую Сафію? Удзельнікі таксама даведаліся імёны нямецкіх крыжаносцаў, якія адзначыліся ў бітве за Полацк у 1381 годзе, пазнаёміліся з новымі архітэктурнымі адкрыц­цямі на фасадах Спаса-Праабражэнскага храма…

Полацк з’яўляецца знакавым навуковым цэнтрам, лічыць Дзяніс Юрчак, кандыдат гістарычных навук, галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама. Сваё выступленне ён прысвяціў эвалюцыі дзяржаўнага спіса аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Полацка, якая адбывалася на працягу другой паловы 
 ХХ–пачатку ХХІ стагоддзя. Паведаміў, што для асобных аб’ектаў у бліжэйшы час будзе павышана катэгорыя каштоўнасці (напрыклад, Гарадзішча дагэтуль было 3-й катэгорыі, а будзе 1-й). 


На пасяджэннях археалагічнай і гістарычнай секцый прагучалі навуковыя даклады і прэзентацыі на вельмі шырокую тэматыку. Навукоўцы падзяліліся цікавымі фактамі і адкры­ццямі — вынікам працы за мінулыя 5 гадоў. А сюрпрызам для ўсіх стала дэманстрацыя знаходкі года — навуковы супрацоўнік НПГКМЗ, дацэнт ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай Ігар Магалінскі прэзентаваў меч перыяду Вялікага княства Літоўскага, знойдзены ў Полацку на дне Заходняй Дзвіны.

Традыцыйна ўсе даклады будуць выдадзены ўжо ў восьмым зборніку «Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі».

Фото Виктора Чернявского.