У Полацку прайшла навукова-практычная канферэнцыя «Краязнаўства: праблемы і перспектывы развіцця ў XXI ст.», прысвечаная 95-годдзю Краязнаўчага музея

Культура

Яе тэматыка, якая тычылася гісторыка-края­знаўчай дзейнасці і краязнаўства як прасторы памяці і гістарычнай рэфлексіі, ролі вуснай гісторыі ў захаванні гісторыка-культурнай спадчыны, музейных калекцый, архіваў і бібліятэк, краязнаўчых музеяў у інтэрнэт-прасторы і іншых актуальных пытанняў, выклікала вялікую цікавасць. Пацверджаннем таму з’яўляецца шырокае прадстаўніцтва: удзел у форуме бралі больш чым 50 навукоўцаў і музейшчыкаў з Беларусі, Расіі, Украіны і Азербайджана.

Прысутных на адкрыцці канферэнцыі віталі Святлана Валюшкіна, намеснік старшыні Полацкага райвыканкама, Ірына Воднева, загадчык Краязнаўчага музея Полацка, і іншыя. У сваіх выступленнях яны адзначалі важнасць захавання гістарычнай спадчыны, на якой грунтуецца падмурак сённяшняй рэчаіснасці. З гэтай задачай калектыў аднаго са старэйшых музеяў краіны спраўляецца на выдатна. Ва ўстанове праводзіцца значная навуковая работа, праходзяць музейна-педагагічныя заняткі, ладзяцца сустрэчы і новыя экспазіцыі.

Даклады закраналі шырокі спектр тэм — ад даследавання дзейнасці музея-юбіляра ў розныя перыяды да апошніх караблебудаўнікоў Полацка, ад лёсу разанскага двараніна Уладзіміра Галіцына, выпускніка Полацкага кадэцкага корпуса, да барацьбы з дзіцячай беспрытульнасцю ў Полацкім павеце, ад страчаных воінскіх пахаванняў у Полацку перыяду Першай сусветнай вайны да старых беларускіх выданняў.

У сувязі з эпідэмічнымі абмежаваннямі шэраг дакладаў быў прадстаўлены дыстан­цыйна.
Перагорнута яшчэ адна старонка біяграфіі музея. Пачаўся адлік пяцігоддзя, якое аддзяляе яго ад стогадовай мяжы. Няма сумнення, што наперадзе новыя адкрыцці, творчая праца дзеля захавання полацкай мінуўшчыны.