Полаччына багатая на таленты, бо прыгажосць роднага краю заўсёды натхняе і пабуджае ўзяцца за пяро. Тут пачыналі свой шлях вядомыя беларускія паэты і празаікі, плённа працягваюць творчую плынь народныя літаратурныя аб’яднанні «Наддзвінне», «Полоцкая ветвь», «Літаратурны каўчэг».
На мінулым тыдні важная падзея адбылася ў літаратурным жыцці Полаччыны — у Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Францыска Скарыны пачала працаваць літаратурная студыя «Цэнтр Еўропы». Вельмі сімвалічна, што яе адкрыццё адбылося напярэдадні Сусветнага свята пісьменнікаў і Сусветнага дня паэзіі. А сакавіцкая дата падзеі абвясціла пра подых вясны, якая заўсёды нясе абнаўленне.
Стварэнне літаратурнай студыі «Цэнтр Еўропы» — месца для творчых сустрэч — даўно чакалі полацкія літаратары. А тое, што яна адкрылася ў бібліятэцы, таксама заканамерна, бо пісьменніцкае слова і бібліятэка — нераздзельныя адзін ад аднаго. Заўсёды полацкія літаратары супрацоўнічалі з бібліятэкамі, разам прымалі ўдзел у многіх творчых праектах і мерапрыемствах. І вось настаў час аб’яднацца для новых сумесных спраў на культурнай ніве. Студыя стане ўніверсальным, інфармацыйным і культурным цэнтрам для літаратараў і супрацоўнікаў бібліятэкі.
Тут будуць праходзіць сустрэчы пісьменнікаў і паэтаў творчых аб’яднанняў, прэзентацыі кніг, прэм’ерныя чытанні літаратурных твораў, «круглыя сталы» па абмеркаванні праблем развіцця сучаснай літаратуры і яе папулярызацыі сярод чытачоў. Плануецца і дзейнасць арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні ў Полацку Міжнароднага літаратурнага фестывалю «Цэнтр Еўропы».
Святочны настрой панаваў ва ўсіх, хто прыйшоў на адкрыццё літаратурнай студыі «Цэнтр Еўропы» — літаратараў, супрацоўнікаў бібліятэкі, чытачоў. Брала ўдзел у важнай падзеі і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і справах моладзі Полацкага райвыканкама А.А.Астапава.
З віншавальным словам да прысутных звярнулася намеснік дырэктара Полацкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Г.М.Пацалуйкіна-Врублеўская, якая выказала падзяку кіраўніцтву раёна, супрацоўнікам бібліятэкі, полацкім літаратарам і ўсім, хто меў дачыненне да стварэння студыі.
У прызначаным для сустрэч літаратараў памяшканні зроблены рамонт, ён абсталяваны сучаснай мэбляй, кніжнымі стэлажамі для прадстаўлення творчых выданняў, прыцягвае ўвагу прыгожы вялікі гадзіннік, які пачне адлічваць гісторыю дзейнасці студыі. Ганна Міхайлаўна пажадала ўдзельнікам літаратурнай студыі плённай работы, натхнення на карысць роднай Полаччыны. Права перарэзаць чырвоную стужку было прадастаўлена кіраўнікам творчых аб’яднанняў — Валянціне Сопікавай («Наддзвінне»), Аляксандру Раткевічу («Полоцкая ветвь») і Святлане Чыжовай («Літаратурны каўчэг»).
Яркім акордам свята адкрыцця літаратурнай студыі стала музычна-паэтычная праграма, якая адбылася ў канферэнц-зале бібліятэкі. Паэты прысвячалі гэтай падзеі свае вершы, цудоўна гучалі песні-віншаванні ад салісткі гарадскога Палаца культуры Галіны Ліфанавай, народнага духоўна-патрыятычнага ансамбля «Спадчына» Полацкага раённага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур, дуэта Ігара Насухі і Аксаны Хадаронак, аўтарскія песні Васіля Граноўскага, Паўла Гужавіна, Вольгі Шыханцовай, салісткі і паэтэсы Таццяны Кужалевай. Пачуццяў было шмат і да нябёсаў так блізка… А пасля літаратары, узрушаныя падзеяй, абмяняліся ўражаннямі, сабраўшыся разам за «круглым сталом». Гучала гітара і побач была Муза… Да новых сустрэч у літаратурнай студыі «Цэнтр Еўропы»!
Слова — удзельнікам падзеі:
Валянціна Сопікава:
— Безумоўна, адкрыццё літаратурнай студыі адыграе сваю станоўчую ролю не толькі па кансалідацыі творчых сіл у правядзенні літаратурнага фестывалю «Цэнтр Еўропы», але таксама будзе садзейнічаць умацаванню цеснай сувязі паміж нашымі літаратурнымі аб’яднаннямі і творчаму росту полацкіх паэтаў і пісьменнікаў.
Святлана Чыжова:
— Гэта вельмі чаканая падзея. Перш за ўсё, хачу выказаць падзяку Полацкім райвыканкаму і Савету дэпутатаў, супрацоўнікам Полацкай цэнтралізаваай бібліятэчнай сістэмы. Закладзена першая цагліна ў фундамент яднання полацкіх літаратараў.
Аляксандр Раткевіч:
— Мы рыхтаваліся да адкрыцця, нашы аўтары прысвяцілі гэтай падзеі свае вершы. Зараз мы, полацкія літаратары, будзем умацоўваць сяброўства і развіваць дзейнасць літаратурнай студыі, якая атрымалася прыгожай, будзе прыемна тут збірацца. Дзякуй за падтрымку П.М.Пяткевічу, намесніку старшыні Полацкага райвыканкама, Г.М.Пацалуйкінай-Врублеўскай, якая вельмі актыўна працавала над стварэннем студыі.