Такая вось цудоўная гэта пара — вясна: нават у стопрацэнтных фізікаў час ад часу з’яўляецца самы што ні на ёсць лірычны настрой. Душа плыве па паэтычных хвалях, і ў памяці так і мрояцца радкі рамантычных вершаў… Лавіце момант — нас запрашае «Паэтычны open-air»!
Такую назву далі свайму арыгінальнаму праекту арганізатары — супрацоўнікі Полацкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. І ў прайшоўшую нядзелю, 17 красавіка, дзякуючы іх намаганням, для ўсіх жадаючых на пляцоўцы ля памятнага знака «Полацк — геаграфічны цэнтр Еўропы», што на праспекце Францыска Скарыны, гучалі «Вершы над горадам».
Але трэба адзначыць, што гучалі не толькі вершы. Увогуле, дзея атрымалася вельмі шматграннай, насычанай і цікавай. Публіка слухала вершы таленавітых паэтаў — дарослых і юных, мясцовых сябраў літаратурных аб’яднанняў і тых, што па запрашэнні прыехалі з іншых куткоў краіны, напрыклад, з Віцебска, Мінска. Дарэчы, кожны аматар паэзіі меў магчымасць пачытаць для ўсіх свае любімыя вершы. А яшчэ гледачы апладзіравалі спевакам, глядзелі літаратурную кампазіцыю ў выкананні навучэнцаў Полацкай дзяржаўнай гімназіі №2, фатаграфаваліся ў фотазоне. Цікавым акцэнтам свята стала аздабленне скверу раздрукаванымі на паперы вершамі, якія прымацавалі на дрэвы. Тут — каштан з пушкінскімі радкамі, там — з вершам Багдановіча… І на лавачках можна было нечакана для сябе знайсці кнігу.
Госці «Паэтычнага open-air» сталі ўдзельнікамі літаратурнай латарэі, атрымлівалі «Вершы ў кішэню», далучаліся да флешмобу і майстар-класу па вырабу закладак для кніг. У абноўленным фармаце бібліятэкары прадставілі буккросінг: кожны мог узяць з сабой кнігу з вялікага чамадана, і не бяда, што не было пад рукой іншай, для замены: чытайце, калі ласка!
Супрацоўнікі Полацкай РЦБС паклапаціліся пра тое, каб першая паэтычная сустрэча ў рамках праекта была цікавай для ўсіх. Плённа шчыравалі над распрацоўкай ідэй Надзея Калужонак, Вікторыя Свіловіч, Дар’я Кулеш і іншыя. Алена Яронька чытала вершы, а Ірына Баннова і Анастасія Пяршова нават спявалі для слухачоў! Вось такія таленавітыя ў нас бібліятэкары!
…Вы не паспелі ў «літаратурны сквер»? Не хвалюйцеся, наперадзе нас чакаюць новыя тэматычныя сустрэчы! Намеснік дырэктара Полацкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Ганна Пацалуйкіна-Врублеўская зазначыла, што практычна кожную нядзелю бібліятэчны праект будзе запрашаць гараджан і гасцей Полацка натхняцца літаратурай, знаёміцца з аўтарамі твораў і песціць сваё сэрца творчымі знаходкамі і цудамі. І ўжо ў наступную нядзелю ля памятнага знака літары «Ў» адбудзецца свята, прысвечанае дзіцячаму чытанню. Далучайцеся!