У мінулую суботу з самага ранку на праспекце і плошчы Францыска Скарыны ў Полацку ладзілі кірмаш. Менавіта тут у жоўценькай хусцінцы з кастрычніцкай лістоты панавала восень, шчодрая на ўраджай ды лагодныя ўсмешкі. За пакупкамі і святочным настроем сюды спяшаліся дбайныя гаспадары і гаспадынькі, мясцовыя жыхары і госці нашага горада.
…Вось і палачанка Вера Якаўлеўна Панкова на першы вялікі кірмаш мела вялікія планы. І першым сваім набыткам была дужа задаволена. «Купіла саджанец грушы для сына, — патлумачыла жанчына. — У мяне таксама такая расце, сорт «Проста Марыя» — у першы ж год каля 30 пладоў дала, смак — неверагодны! А зараз яшчэ зерня трэба набыць і гародніны».
І зерня, і бульбы, і садавіны з гароднінай, і мёду, і мяса з каўбасамі, і іншых прадуктаў на кірмашы было багата. За самым хадавым таварам — бульбай ды цыбуляй, морквай ды капустай нават чэргі стаялі. Як заўсёды, на «ура» ішоў кушлікоўскі «Скарб», сёлета — па 27 капеек за кілаграм.
Але можна было знайсці і таннейшую бульбу — галоўнае, не лянуйся, вывучай прапановы, вызначайся, на тое і кірмаш. А прадаўцы, асабліва з нашых, полацкіх, гаспадарак у лепшых традыцыях восеньскага свята пакупнікоў не толькі якасным таварам вабілі, але і аздобіць свае гандлёвыя месцы паклапаціліся. Напрыклад, сельгаспрадпрыемства «Палімір-Агра» вершаванымі радкамі пакупнікоў запрашала, вялізнымі бутэрбродамі частавала, нават лячэбныя мачалкі з асаблівай расліны прапаноўвала!
А ўжо якія фігуры герояў казачных яны прывезлі — трэба было бачыць! Гэта намеснік дырэктара Дзмітрый Цыро ды загадчык склада Святлана Захарэнка свае творчасць ды фантазію праявілі, каб народ здзівіць.
Не абміналі пакупнікі і гасцей з Пастаўшчыны, ААТ «Навасёлкі-Лучай», якія таксама бульбу прадаваць прывезлі. Актыўна падтрымалі кірмаш пчаляры ды садаводы. І мёд, і саджанцы кветак ды дрэўцаў, сярод якіх нават абрыкосы былі, карысталіся добрым попытам. Гандляры з УП «Залатая Ніва» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў», ААТ «Полацкі малочны камбінат», ААТ «Полацк-гандаль», Полацкага райпо і Універсальнай базы таксама прапанавалі свой разнастайны тавар. Напрыклад, у палатках УП «Залатая ніва» можна было прыдбаць мяса і каўбасныя вырабы з добрымі зніжкамі. Полацкія малочнікі таксама паклапаціліся зрабіць сваю прадукцыю яшчэ больш даступнай, а яшчэ прадставілі цікавыя і прыгожыя кампазіцыі. Ля Ямелі на кані сфатаграфавацца — мілая справа!
Музыка, спевы калектываў Полацкага гарадскога Палаца культуры і сонечнае цёплае надвор’е добра падтрымалі наш першы восеньскі кірмаш. Можа, і не дужа шматлюдным ён быў — відаць, выяздны гандаль, арганізаваны па мікрараёнах, сваю справу робіць, — але мэты сваёй дасягнуў. Восеньскія дары былі на любы густ, хто хацеў, той свае засекі папоўніў, прысмакамі пачаставаўся і блізкім гасцінцаў таксама набыў. А хто не паспеў — няхай на наступны кірмаш збіраецца, які 15 кастрычніка адбудзецца!
Фота Андрэя Марцынкевіча.