У Полацку адбылося адкрыццё XXIII Міжнароднага фестывалю арганнай музыкі «Званы Сафіі»

Актуальное Культура

У канцэртнай зале Сафійскага сабора адбылося адкрыццё XXIII Міжнароднага фестывалю арганнай музыкі «Званы Сафіі».

Гэтая ўрачыстасць супала з двума юбілейнымі датамі: 30 год творчай дзейнасці адзначыла салістка канцэртнай залы, лаўрэат міжнароднага конкурсу, Ганаровы грамадзянін горада Полацка Ксенія Пагарэлая, і 10 год — камерны аркестр «Еўропа-Цэнтр» (дырыжор Раіль Садыкаў). Менавіта ім быў прадастаўлены гонар выканаць першы, самы яскравы і моцны акорд музычнага фэсту.

Імя Ксеніі Пагарэлай вядома не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Выпускніца Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І.Чайкоўскага, прыехаўшы ў старажытны Полацк, на доўгія гады звязала жыццё з канцэртнай залай Сафійскага сабора і стала часткай музычнай гісторыі горада. З 1996 года Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі» праходзіць у нашым горадзе па яе ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле.

За гэты час у Полацку выступілі зорныя выканаўцы з розных краін свету, дзякуючы чаму полацкая Сафія стала цэнтрам сусветнага арганнага выканальніцтва. Таксама Ксенія Максімаўна прадстаўляла Полацк на многіх значных міжнародных праектах, яна стала першай беларускай арганісткай, якая прадставіла музычнае мастацтва нашай краіны ў знакамітай зале Notre Dame de Paris.


Камерны аркестр «Еўропа-Цэнтр», дэманст­руючы вытанчанае, яскравае выканальніцкае майстэрства, мае багаты рэпертуар і паступова набірае папулярнасць у Беларусі і за яе межамі.


…На адкрыцці фестывалю аматарам музычнай класікі пашчасціла пачуць музыку розных эпох, стыляў і накірункаў — ад папулярнай да сучасных твораў. Узнёсла і вытанчана ў выкананні аргана і аркестра прагучала «Адажыо» Тамаза Альбіноні, драматычна і выразна — сюіта «Францыск Скарына» Ганны Кароткінай, прыгожа і запамінальна — творы М.Каррэтта, І.С.Баха і І.К.Баха. Зала апладзіравала стоячы, што ў чарговы раз прадэманстравала: у Полацку мастацтва любяць і разумеюць. Нездарма наш горад двойчы ў год робіцца цэнтрам прыцягнення для вядомых выканаўцаў з розных краін свету і музычнай сталіцай Беларусі.



Tagged