У Полацку адбылася сустрэча з Навумам Гальпяровічам

Культура

28 сакавіка ў канферэнц-зале Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка прайшла доўгачаканая сустрэча з Навумам ГАЛЬПЯРОВІЧАМ, вядомым беларускім пісьменнікам, паэтам, публіцыстам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь, ганаровым грамадзянінам горада Полацка.

Прыемна адзначыць, што выхад у свет новай кнігі Навума Гальпяровіча традыцыйна выклікаў ціка­васць з боку землякоў. Апошні раз прэзентацыя яго выдання ў нашым горадзе адбылася пяць гадоў таму. Павіншаваць Навума Якаўлевіча прыйшлі шматлікія сябры і калегі — літаратары, дзеячы культуры і мастацтва, а таксама прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, грамадскіх арганізацый, прыхільнікі яго творчасці. Адзін з іх, Алег Рудакоў, шмат гадоў пражыў у Іркуцку, дзе некалі арганізаваў таварыства беларусаў. На сустрэчы прысутнічалі тыя, хто спецыяльна прыехаў у Полацк з іншых гарадоў вобласці, напрыклад, Пастаў. Падтрымаць Навума Якаўлевіча прыйшлі і яго блізкія, сярод якіх быў васьмігадовы ўнук Мацвей. Ён, дарэчы, пранікліва прачытаў дзядулеў верш «Я — вучань».

Навум Гальпяровіч шмат гадоў аддаў Мінску, але ні на хвіліну не забываў пра родны Полацк — знакавае для яго месца, выток натхнення. На старонках кніг Навума Якаўлевіча горад жыве — і сучасны, і той, які застаўся цяпер толькі ва ўспамінах. Кожная з іх — квінтэсэнцыя любові да радзімы, сваіх каранёў. «Полацк — гэта месца, дзе мне заўсёды прыемна выступаць, бачыцца з тымі, хто мяне добра ведае, знаёміцца з прадстаўнікамі новага пакалення», — сказаў ён. Навум Гальпяровіч таксама звярнуў увагу на тое, што ў аснове яго твораў ляжыць уласнае жыццё — і не мае значэння, ад першай ці трэцяй асобы напісана тая ці іншая аповесць. Усе яны адлюстроўваюць тое, што ён ведаў, бачыў, адчуваў, усе яны — праўда.

Як адзначыла загадчык Музея беларускага кнігадрукавання Славіна Гаўрылава, аповесць «Горад» — гэта ў нейкім родзе яшчэ і краязнаўчы тэкст. Так, чытач можа даведацца, што такое «Пітомнік» і дзе гэта — «за лініяй», як «Брадвей» мог знаходзіцца ў Полацку, што яднае наш горад з Шанхаем і яшчэ шмат чаго цікавага. Суправаджала сустрэчу прэзентацыя з фотаздымкамі вядучага навуковага супрацоўніка музея Веры Ашуе­вай, за творчасцю якой Навум Якаўлевіч сочыць с задавальненнем. Цудоўныя віды Полацка ілюстравалі асобныя цытаты з кнігі «Горад».

Размова з пісьменнікам атрымалася адкрытай і цёплай. Шчырыя словы падзякі і захаплення выказала член літаратурнага аб’яднання «Наддзвінне», Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, лаўрэат прэміі імя Петруся Броўкі 2019 года ў намінацыі «Літаратура для дзяцей» Ірына Багданава. «Дзіцячыя вершы ў Вас добра атрымліваюцца!» — аднойчы сказалі мне Вы, і я паверыла. Мае дасягненні — Ваша заслуга», — звярнулася яна да Навума Гальпяровіча.

Герой сустрэчы адказаў на пытанні прыхільнікаў яго творчасці, падзяліўся ўспамінамі пра свае дзяцінства і юнацтва, школу, настаўнікаў і аднакласнікаў, любімыя мясціны малой радзімы, першыя літаратурныя спробы і публікацыі, журналісцкую дзейнасць.

Кніга прозы «Горад», а таксама паэтычны зборнік «Ветразь лёсу» выйшлі да юбілею Навума Гальпяровіча — у студзені ганароваму грамадзяніну горада Полацка споўнілася 75 год.


У бліжэйшых планах, як заўсёды,  працаваць, ствараць, спасцігаць новае. І мы ўпэўненыя, што гэта, безумоўна, атрымаецца.

Свет убачылі 200 экзэмпляраў кнігі «Горад» — іх можна набыць у інтэрнэт-магазіне выдавецтва «Чатыры чвэрці», кнігарнях «Белкніга», а таксама ў сувенірнай краме Музея беларускага кнігадрукавання.